Невайсковая падмога: Еўразвяз пачаў пастаўкі газу ва Украіну


Сітуацыя ва Украіне зноўку стала тэмаю паседжання Рады Бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Увагу чальцоў звернуць на адмысловую справаздачу наконт правоў чалавека ва Украіне. Аўтары дакумента наведалі неспакойныя ўкраінскія гарады, у тым ліку і Крым.

Міжнародныя назіральнікі ААН, што працавалі ва Украіне да 2-га красавіка ўключна, заўважылі сістэматычнае распальванне нянавісці з боку расейскай прапаганды і махінацыі з рэферэндумам у Крыме. Але разгулу ўкраінскіх “бандэраўцаў” і “неанацыстаў” ды небяспецы для расейцаў ва Украіне няма, мяркуюць у ААН. А значыць, няма і падставаў уводзіць расейскія войскі.

{movie}Невайсковая падмога: Еўразвяз пачаў пастаўкі газу ва Украіну|right|15922{/movie}

ДЖАННІ МАГАЦЦЭНІ, УПРАЎЛЕННЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ААН:

“Паводле справаздачы, у нас няма ніякіх пераканаўчых доказаў прыгнёту расейскамоўнай часткі насельніцтва Украіны”.



Але ў Маскве працягваюць абараняць сепаратыстаў з так званай Данецкай рэспублікі ды казаць пра нелегітымнасць украінскіх уладаў.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Паўтара месяца пасля дзяржаўнага перавароту тыя, хто захапіў уладу, нічога не рабілі… Не дасылалі ніякіх сігналаў жыхарам Паўднёвага Захаду, акрамя пагрозаў і ультыматумаў”.



Сяргей Лаўроў прыгразіў, што калі Кіеў будзе праводзіць на ўсходзе Украіны сілавую аперацыю, то чатырохбаковыя перамовы ў Жэневе, запланаваныя на паслязаўтра, будуць сарваныя. Таксама прадстаўнік Крамля рэзка асудзіў ідэю Аляксандра Турчынава запрасіць на Данбас міратворцаў ААН.

Украіне трэба моцная вайсковая падтрымка, заявіў сёння ў Эстоніі Джон МакКейн. Амерыканскі сенатар лічыць абсалютна невыбачальным тое, што ЗША не дапамагае ўкраінцам абараняцца ад “палкоўніка Пуціна”.

ДЖОН МАККЕЙН, СЕНАТАР ЗША:

“У іх няма нават бронекамізэлек, няма прыбораў начнога бачання, няма таго абсталявання, якога украінцы так патрабуюць. Так, ім патрэбная стралковая зброя, супрацьтанкавая і супрацьпаветраная зброя. Але найперш я б даў ім усё неабходнае для самаабароны”.



Неабходнасць узмацніць абарону адчулі краіны Балтыі. Прэзідэнт Літвы, наведваючы вайсковыя вучэнні каля Вільні, паведаміла, што НАТО павялічыць тут сваю вайсковую прысутнасць, і не проста колькасцю жаўнераў. Але абараняць Украіны Паўночна-атлантычны альянс пакуль не плануе.

АНДЭРС ФОГ РАСМУСЭН, ГЕНЕРАЛЬНЫ САКРАТАР НАТО:

“Мы не абмяркоўваем вайсковых варыянтаў. Мы верым, што слушны шлях наперад – знайсці палітычнае і дыпламатычнае развязанне”.



Праўда, выказванні глыбокай занепакоенасці з боку Захаду выніку не далі, як і абмежаваныя візавыя санкцыі ды замарожванне рахункаў расейскіх чыноўнікаў. Масква працягвае падтрыманне “зялёных чалавечкаў” – расейскіх дыверсантаў ва Украіне.

УЛАДЗІМІР ЖЫРЫНОЎСКІ, ЛІДАР ФРАКЦЫІ ЛДПР:

“Нам вашыя амерыканскія багацці брудныя не трэба. І вашая зямля не трэба. І ў Еўропе нам не трэба анічога. Але нашая зямля, Крым – ужо наш, Данбас, Херсон, Мікалаеў, Харкаў, Днепрапетроўск, Запарожжа, Луганск, Адэса – гэта Расея!”.



Тым не менш, Захад не адмовіўся ад плану моцных эканамічных санкцыяў супраць Расеі.

ЗІГМАР ГАБРЫЕЛЬ, ВІЦЭ-КАНЦЛЕР, МІНІСТР ЭКАНОМІКІ НЯМЕЧЧЫНЫ:

“Калі Расея не гатовая нарэшце спыніць эскалацыі канфлікту, яна мусіць чакаць, што Еўропа і Нямеччына будуць гатовыя да трэцяй фазы санкцыяў”.



А Украіну Еўразвяз падтрымаў не толькі добрым словам, але і рэверсіўнымі пастаўкамі газу, што з сёння з боку Польшчы пачала нямецкая кампанія RWE. Уключыць рэверс рыхтуецца і Славаччына.

МІРАСЛАЎ ЛАЙЧАК, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР СЛАВАЧЧЫНЫ:

“Мы ўжо над гэтым працуем. У нас ёсць магчымасць прадстаўляць дастаткова вялікую колькасць газа праз рэверсіўны ход Украіне”.

А ужо сёння Масква адчувае моцны адток капіталу, Міністэрства фінансаў прагназуе нулявы рост расейскай эканомікі. Праўда, у расейскім урадзе бачаць у гэтым не наступствы захопу Крыму і пагрозаў Украіне, а дзеянні шкодных вонкавых сілаў.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў