Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў Захад дапамагчы Украіне: «Хай хоць долар дадуць»


Расейскі прэм’ер прыгадаў еўрапейскім і амерыканскім палітыкам, што толькі на танным газе за гады незалежнасці Украіна зэканоміла «сотні мільярдаў долараў».

Падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі кіраўнік Кабінету Міністраў РФ таксама адзначыў, што Масква дапамагала Кіеву «шчыра, зыходзячы з добрасуседскіх, сяброўскіх памкненняў, якія мы адчувалі ды адчуваем да Украіны». Аднак, як кажа Мядзведзеў, «мы не можам будаваць свае адносіны выключна паводле прынцыпу братэрскага падтрымання».



Нагадаем, што сёлета пасля анексіі Крыму Украіна страціла і зніжку на расейскі газ. У выніку кошт за 1000 куб. м газу для Кіева вырас з $ 268 да $ 485.

Паводле кіраўніка расейскага ўраду, надышоў час для актыўнай дапамогі Украіне з боку заходніх партнёраў, перадае interfax.ru. «Усе, хто кажа пра тое, што трэба дапамагчы Украіне, нарэшце мусяць нешта для Украіны зрабіць. Я маю на ўвазе і нашых еўрапейскіх партнёраў, і партнёраў за акіянам. Хай хоць долар дадуць, – прапанаваў кіраўнік ураду РФ. – Бясконцыя абяцанні: мы дамо мільярд, мы пералічым пяць мільярдаў: ну, хай дадуць хоць што-небудзь».

У сваю чаргу нямецкая кампанія RWE ўжо пачала рэверсны экспарт газу ўва Украіну праз Польшчу. Пагадненне Украіна і нямецкая кампанія падпісалі яшчэ ў траўні 2012 г. Дакумент прадугледжваў продаж да 10 млрд куб. м газу на год. Да рэверсных паставак ва Украіну цяпер рыхтуецца і Славаччына. Са словаў украінскага прэм’ера Арсенія Яцэнюка, рэверсны імпарт расейскага газу з Еўропы будзе таннейшы на $ 100–150 за пастаўкі паліва з Расеі.



ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў