Югаслаўскі сцэнар. Украінцаў знарок вінавацяць у "фашызме", як некалі харватаў


Першы прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын быў палітыкам вялікага фармату, аднак у канцы сваёй палітычнай кар’еры ён зрабіў гіганцкую памылку. Спадар Ельцын не дазволіў, каб Савецкі Саюз распаўся паводле югаслаўскага сцэнара, але дапусціў да ўлады былога кадэбэшніка, які ўсяляк спрабуе, каб на ўсходзе Украіны паўтарыліся падзеі, што мелі месца 20 гадоў таму на тэрыторыі паўднёвай Харватыі.



Ад камунізму да шавінізму

Трэба нагадаць, што распаду Югаславіі папярэднічала ўзмацненне нацыяналістычных настрояў. Самымі заўзятымі ў гэтым былі сербскія камуністы на чале са Слабоданам Мілошэвічам. Вядома, ускладаць усю віну толькі на сербаў не варта, але гэта Мілошэвіч з 1986 года «замаршыраваў» у бок нацыяналізму, ператварыўшыся з адданага ідэалам югаслаўскага інтэрнацыяналізму камуніста ў чалавека з іміджам «галоўнага абаронцы сербаў». Дагэтуль югаслаўскім войскам камандавалі практычна адныя сербы, дзякуючы чаму Сербія мела найлепшыя сродкі, каб з дапамогаю сілы навязаць сваю волю іншым.

Што цікава, Мілошэвіч распачаў сваю кар’еру нацыяналіста менавіта ў Косаве – тагачаснай аўтаномнай вобласці ў Сербскай Сацыялістычнай Рэспубліцы Югаславіі, – змагаючыся з занадта шырокай аўтаноміяй албанцаў у імя абароны сербскай меншасці. Знакамітымі сталі ягоныя словы на мітынгу сербаў у Косаве: «Ніхто не будзе вас біць». Пасля аказалася, што сербскія службы спецыяльнага прызначэння адмыслова справакавалі сутыкненні албанцаў і сербаў, якія набралі розгаласу праз сербскае тэлебачанне.

Харват = фашыст, украінец = бандэравец

Калі ў 1990 годзе ў Харватыі адбыліся першыя шматпартыйныя выбары прэзідэнта, у якіх перамог харвацкі нацыяналіст Франё Туджман (Franjo Tuđman), распад Югаславіі мог стацца вялікаю праблемаю для раскіданых па ўсёй краіне сербаў. Аднак сербскія ўлады абралі іншыя шляхі развязання праблемы: сепаратызм і вайну. Сербы стварылі на амаль 1/3 тэрыторыі Харватыі Сербскую аўтаномную вобласць – Кра́іну.

Кра́іна / Война кра́іна – Вайсковае памежжа



Сербы з’явіліся на гэтых землях толькі ў XVII стагоддзі. Аўстрыйскія ўлады сялілі на спустошаных тэрыторыях памежжа з Асманскай імперыяй сербаў, якія ўцякалі з-пад турэцкай улады. Ад Аўстрыі ўцекачы атрымлівалі зямлю ў абмен за службу ў войску. Кра́іна – гэта скарот ад сербскай/харвацкай назвы Война кра́іна – Вайсковае памежжа.

Сербаў у той час пачалі засыпаць у медыях матэрыяламі пра тое, што Харватыя ў часе ІІ сусветнай вайны пад уладаю арганізацыі «Усташэ» («Ustaše», у перакладзе – паўсталыя або паўстанцы) была саюзніцаю Гітлера.

У сітуацыі, калі адсутнічалі вольныя медыі, сярод большасці сербаў з’явіўся вобраз харвата-фашыста і забойцы. Гэтаксама і цяпер кожны ўкраінец, што выступае пад сваім сцягам (за выключэннем, можа, Януковіча), падаецца расейскімі медыямі як «бендеровец».

Mapa Serbskiej Republiki Krajina, fot. wiki ccАперацыя «RAM»

Грамадзянская вайна ніколі не пачынаецца спантанна. Знянацку могуць пабіцца на вясковай дыскатэцы. Для грамадзянскай вайны патрэбныя моцнае войска, тэхніка і камандзіры. У Кра́іне ўсё пачалося вельмі проста: у 1990 годзе група сербскіх афіцэраў з камандавання югаслаўскай арміі распрацавала аперацыю «RAM» – сепаратысцкія акцыі ў Харватыі ды Босніі. План улучаў не толькі падтрыманне сепаратыстаў, але і цэлую стратэгію «інфармацыйнай вайны» ды прапаганды. І пачалося: баявыя групоўкі «спантанна» пачалі блакаваць у Кра́іне дарогі, займаць будынкі мясцовай адміністрацыі. Потым настала чарга баявых сутыкненняў, перастрэлак з харвацкаю міліцыяй. Наступным крокам было абвешчанне незалежнасці. Югаслаўская армія пачала адступаць з тэрыторыі самаабвешчанай рэспублікі, пакінуўшы ўсё вайсковае абсталяванне ў руках сепаратыстаў.

На фота: Кра́іна / Война кра́іна – Вайсковае памежжа

Адначасова сярод мясцовых сербаў выклікалі псіхоз страху, а ў самой Сербіі бялградскія медыі бамбардавалі людзей заклікамі да братэрскай дапамогі «пакрыўджаным» сербам у Харватыі. Гэта быў пачатак крывавай вайны, якая забрала жыцці соцень тысячаў людзей.

Пешкі

Калі хто-небудзь думае, што Мілошэвіч быў адданым абаронцам сербаў, то, вядома, памыляецца. На гэта варта звярнуць увагу тым, хто верыць у чыстыя намеры Уладзіміра Пуціна. Для нацыяналістычных і папулісцкіх лідараў дабро людзей – зусім не асноўная каштоўнасць. «Абарона нацыі» – гэта ўсяго інструмент, каб захаваць уладу. І вось у 1995 годзе пад уплывам Мілошэвіча сепаратысты з Краіны адкінулі план шырокай аўтаноміі ў складзе Харватыі, а праз некалькі тыдняў іх разбіла харвацкае войска. Мілошэвіч засяродзіўся на вайне ў Босніі, і пэўна, не меў часу, каб падтрымаць суайчыннікаў у Харватыі.

Сербы былі вымушаныя пакінуць Краіну, дзе жылі сотні гадоў. У вайне ў Босніі яны гінулі тысячамі. У канцы яшчэ Косава, адкуль сербаў прагналі. Невядома, ці без Мілошэвіча ўсё было б гэтак сама, але той, хто сее вецер, жне буру. Дасканалы прыклад гэтага – Мілошэвіч.

Расея рэалізуе свой план

Цяперашнія падзеі на ўсходзе Украіны вельмі нагадваюць тое, што адбывалася ў Харватыі на пачатку 1990-х гадоў. Праўда, тут ёсць некалькі выключэнняў: усходняя Украіна ніколі не адчула тэрору «бандэраўцаў»; цягам дваццаці гадоў незалежнасці Украіны там не было якога-кольвек нацыянальнага напружання, бо ўкраінцы не пераследавалі ні расейцаў, ні расейскамоўных. Жыхары паўднёва-ўсходняй Украіны паддаліся калектыўнаму псіхозу, бо занадта доўга глядзелі расейскае тэлебачанне. Магчыма, тых з псіхозам насамрэч не так шмат, а галоўную ролю тут граюць каардынатары з-за ўсходняй мяжы. Расейскія спецслужбы дзеялі ва Украіне ўжо даўно, але актывізаваліся з моманту прыходу да ўлады Віктара Януковіча. Ён пераарыентаваў Службу бяспекі Украіны, якая замест таго каб сачыць за расейцамі, сканцэнтравалася на амерыканцах. Гэта дазволіла Крамлю стварыць сетку агентаў у паўднёва-ўсходняй частцы Украіны.

Апрача гэтага, Украіна дазволіла вярнуцца на базу Чарнаморскага флоту ў Крыме адзінцы ФСБ, якая была адтуль выдаленая ў часы Віктара Юшчанкі. Расейскія ФСБшнікі актыўна займаліся вербаваннем агентаў, падтрыманнем прарасейскіх сілаў і г. д. Гэтак на ўсходзе і поўдні Украіны цягам гадоў рыхтавалася глеба для адмысловай аперацыі. Калі параўноўваць Украіну з Югаславіяй, то тут не было нават кроплі імправізацыі.

Для Украіны малюецца вельмі трывожная перспектыва – Крэмль намагаецца распачаць тут грамадзянскую вайну, каб пасля прыйсці ды вызваліць «народ Данбасу», не гледзячы на мора крыві, спусташэнне і хаос. Логіка КДБшніка лічыць гэта станоўчым, як і большасць расейскага народу. Але ў першым выпадку гэта – цынізм, у другім – чыстае глупства, за якое расейцам давядзецца дорага заплаціць.

Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў