КДБ і МУС маўчаць, Вярхоўны суд разводзіць рукамі


Маці ды сястра Уладзіслава Кавалёва, пакаранага смерцю за тэракт у менскім метро, не могуць дабіцца ад праваахоўных органаў і судовай сістэмы Беларусі інфармацыі пра месца ягонага пахавання

Вярхоўны суд палічыў правамоцным рашэнне суда Кастрычніцкага раёну г. Менску і Калегіі грамадзянскіх справаў гарадскога суда, якія адмовілі распачаць справу на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартаменту выканання пакаранняў за адмову падаць інфармацыю аб месцы пахавання сына Любові Кавалёвай.





Любоў Кавалёва пасля абвяшчэння прысуду яе сыну

Вярхоўны суд мяркуе, што ёсць іншы парадак для абскарджання адмовы даць інфармацыю пра месца пахавання Уладзіслава Кавалёва. Але іншага парадку Крымінальна-выканаўчы кодэкс РБ не прадугледжвае – адзначаюць беларускія праваабаронцы з цэнтру «Вясна». Магчымасці даведацца пра месца пахавання расстралянага сына ў Любові Кавалёвай больш няма. Тым не менш, са словаў юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка, маці, а таксама сястра Уладзіслава Кавалёва будуць працягваць дабівацца патрэбнай інфармацыі.

Сваякі пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва мяркуюць, што абвінавачанне ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро ў 2011 годзе і прысуд для Уладзіслава былі несправядлівыя і неабгрунтаваныя. Яны таксама лічаць антыгуманнай адмову ўладаў Беларусі выдаць цела забітага сына і брата.

Адзін з апошніх фатаздымкаў Уладзілава Кавалёва

ЮВ паводле spring96.org

Стужка навінаў