Вырашыў стаць журналістам? Атрымай прыз!


Матэрыялы на конкурс журналістаў-пачаткоўцаў «Твой стыль» прымаюцца да 1 траўня 2014 года. Ва ўдзельнікаў ёсць шанец атрымаць адмысловую ўзнагароду інтэрнэт-старонкі тэлеканалу «Белсат».

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца працы журналістаў са стажам працы, меншым за 3 гады.

Конкурс арганізуюць цэнтр «Трэці сектар» і «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Тэлеканал «Белсат» – інфармацыйны спонсар падзеі.

Пераможцаў узнагародзяць каштоўнымі прызамі і дыпломамі падчас урачыстай цырымоніі ў заключны дзень IV Фестывалю моладзевай журналістыкі «Твой стыль», які пройдзе ў Горадні з 16 да 18 траўня 2014 года.

Асноўныя намінацыі:

«Нешта не так»

Найлепшы артыкул або рэпартаж, прысвечаны вострым і актуальным для грамадства пытанням, нестандартным падыходам да іх вырашэння.

«Стылёвыя людзі»

Найлепшае інтэрв’ю, якое раскрывае ўнутраны свет асобы, якая вызначаецца актыўнаю грамадзянскаю пазіцыяй, нестандартным пунктам гледжання, незвычайнымі ўчынкамі або планамі.

«Лаві момант»

Найлепшы рэпартажны фотаздымак, які перадае атмасферу падзеяў, адлюстроўвае іх дынамічнасць, стварае эфект прысутнасці на месцы падзеі.

«No comments»

Найлепшы рэпарцёрскі відэаролік, які адлюстроўвае сутнасць цікавай для грамадства падзеі, з’явы настолькі, што не патрабуе дадатковых каментароў.

Адмысловыя намінацыі, заснаваныя партнёрамі фестывалю:

«Вольнае мысленне»

Заснавальнік намінацыі – праграма «Лятучы ўніверсітэт».

Да ўдзелу ў конкурсе ў межах гэтай намінацыі запрашаюцца аўтары артыкулаў, прысвечаных праявам і ўмовам развіцця вольнага, крытычнага мыслення ў Беларусі (выбітным асобам, ідэям і думкам, даследаванням, акадэмічным свабодам).

«За прасоўванне гуманнага стаўлення да жывёлінаў-кампаньёнаў»

Заснавальнік намінацыі – каманда блогу «Месца пад сонцам».

У межах намінацыі будзе вызначаны найлепшы матэрыял (артыкул, відэа- ці аўдыяматэрыял), які звяртае ўвагу на праблему жорсткага абыходжання з жывёлінамі-кампаньёнамі, неразвітае заканадаўства, недасканалую культуру стаўлення грамадства да жывёлінаў ды іншыя фактары, якія адмоўна адбіваюцца на абыходжанні з вернымі сябрамі чалавека, або матэрыял, які заахвочвае дапамагаць жывёлінам-кампаньёнам.

«Чацвёртая ўлада»

Заснавальнік намінацыі – тэлеканал «Белсат».

Найлепшы тэкставы рэпартаж (пажадана з фотаздымкамі), што распавядае, якую праблему ўдалося вырашыць дзякуючы таму, што за яе ўзяліся журналісты. Памер матэрыялу – не больш за 2 старонкі.

«Адпачываем па-беларуску»

Заснавальнік намінацыі – крама-клуб настольных гульняў «Кубік»

Найлепшы фотарэпартаж (фотаздымкі з кароткім тэкставым апісаннем) пра цікавы адпачынак сучаснага беларуса. Аўтар матэрыялу мусіць вылучыць беларускую адметнасць: чаму менавіта гэткі від адпачынку цікавы для беларуса?

«Найлепшы матэрыял, прысвечаны сферы нефармальнай адукацыі»

Заснавальнік намінацыі – Асацыяцыя дадатковай адукацыі ды асветы (www.adukatar.net)

Найлепшы матэрыял, які адлюстроўвае тэндэнцыі, праблемы, поспехі ў нефармальнай адукацыі, паказваюе ролю адукацыйных і асветніцкіх арганізацыяў у развіцці грамадства, павышэнні якасці жыцця.

«Залатыя людзі залатога веку»

Заснавальнік – Універсітэт залатога веку (праграма ГА «Цэнтр «Трэці сектар», www.uzv.by)

Найлепшы матэрыял, што дэманструе актыўную жыццёвую пазіцыю людзей, якія выйшлі на пенсію, але не згубілі жыццёвага аптымізму і сваім прыкладам паказваюць: у сталым ўзросце можна развівацца, спасцігаць свет, быць карысным грамадству. Да разгляду прымаюцца рэпартажы, артыкулы, інтэрв’ю, фота, відэа ды іншыя матэрыялы.

«Тваё права»

Заснавальнік намінацыі – Беларускі дом правоў чалавека

Лепшы матэрыял, які асвятляе тэму правоў чалавека.

«Грамадзянская журналістыка: Найлепшы блог»

Заснавальнік намінацыі – платформа «Talaka.by»

Найлепшы беларускі блог, якія адпавядае рысам медыяў: мае сваю канцэпцыю, змяшчае навіны, інтэрв’ю, расследаванні, аўтар якіх сам блогер (не перапосты). Важная ўмова – беларускі кантэкст: матэрыялы мусяць рыхтавацца для беларускай мэтавай аўдыторыі або пра Беларусь для любой аўдыторыі.

«Найлепшае журналiсцкае расследаванне»

Заснавальнік намінацыі – платформа «Talaka.by».

Найлепшае расследаванне пункту погляду, маштабу і актуальнасці тэмы; уплыў яго вынікаў на органы ўлады і грамадскае жыццё.

«Людзі ды межы: ад падзеленай вёскі да падзеленай Еўропы»

Заснавальнік намінацыі – кампанія «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!»

Найлепшы журналісцкі матэрыял, прысвечаны праблеме людской мабільнасці, межаў і адносінаў паміж беларусамі ды замежнікамі. Матэрыял можа быць на любым стандартным носьбіце і ў любым жанры. У фокусе можа аказацца як праблема вёсачкі, падзеленай паміж краінамі, але змацаванай супольнаю гісторыяй, людскімі адносінамі ды імкненнем пераадолець межы, гэтак і глабальная праблема існавання дзяржаўных і ментальных межаў у сучаснай Еўропе, якія часам характарызуюць як новую жалезную заслону.

Умовы конкурсу:

На конкурс можна дасылаць як апублікаваныя ў 2013–2014 гадах, гэтак і неапублікаваныя пакуль матэрыялы.

Адзін аўтар можа заявіць на конкурс не больш за 3 матэрыялы ў кожную з намінацыяў.

Усе матэрыялы мусяць быць дасланыя арганізатарам у электронным выглядзе (за выключэннем апублікаваных відэаролікаў – тут дастаткова даслаць спасылку на іх):

1) Тэкставыя матэрыялы: у фармаце «doc» шрыфтом «Times New Roman» 12 памеру. Назва файлу мусіць утрымліваць прозвішча аўтара. Калі працаў дасылаецца некалькі, яны мусяць быць пранумараваныя (напрыклад, Іваноўскі_1, Іваноўскі_2). Калі матэрыялы ўжо былі надрукаваныя ў інтэрнэце – просім таксама дадаткова даслаць спасылкі на іх.

2) Фотаздымкі мусяць быць падпісаныя (аўтар_дата здымку_яго назва). Памер фотаздымкаў мусіць быць не меншы за 2500 і не большы за 4500 пікселяў шырыні. Кожны фотаздымак мусіць суправаджаць кароткае апісанне: подпіс да фота, дата і месца, дзе зрабілі фотаздымак.

3) На конкурс відэа прымаюцца відэаролікі працягласцю не больш за 3 хвіліны. Трэба даслаць спасылку на апублікаваны ў інтэрнэце ролік, а таксама кароткае апісанне: назва, дата і месца здымкаў.

Па дадатковую інфармацыю адносна конкурсу можна звяртацца праз тэлефон +37529-283-63-06 (Ганна) або пісаць на пошту festyval2014@gmail.com. Падрабязней пра конкурс на старонцы фестывалю.

Усе матэрыялы разам з анкетаю ўдзельніка трэба даслаць арганізатарам на адрас: festyval2014@gmail.com – не пазней за 1 траўня 2014 года. Увага! У тэме ліста неабходна пазначыць «конкурс».

Дасланыя на конкурс матэрыялы будуць ацэньвацца прафесійным журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя беларускія журналісты. Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымаюць каштоўныя ўзнагароды ад арганізатараў конкурсу, а таксама дыпломы. Пераможцаў у адмысловых намінацыях будуць вызначаць заснавальнікі намінацыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў