Трывожныя прагнозы: Украіна мае 3 дні да знішчэння


Украіне пагражае не проста страта часткі тэрыторыяў, але страта незалежнасці ўвогуле – кажуць вайсковыя і палітычныя аналітыкі. Што будзе, калі ні Кіеў, ні ягоныя саюзнікі не зробяць рашучых дзеянняў?
{movie}Трывожныя прагнозы: Украіна мае 3 дні да знішчэння |right|15901{/movie}
Нельга дапамагчы ў супраціве таму, хто не супрацьстаіць нападу – такі мэсыдж за апошнія дні агучвалі лідэры еўрапейскіх дзяржаваў. І ў гэтых словах адказ на пытанне, чаму Расея змагла паглынуць Крым – бо Украіна сама здала паўвостраў. У Кіеве баяліся правакаваць расейскія войскі. Але цяпер дыверсанты з Расеі захопліваюць Данбас і лезуць на ўзбярэжжа Чорнага мора. Дык што ўкраінцам рабіць цяпер?

ЗБІГНЕЎ БЖЭЗІНЬСКІ, БЫЛЫ ДАРАДЦА ПРЭЗІДЭНТА ЗША:
Калі ўкраінцы будуць супраціўляцца, яны будуць прайграваць крок за крокам, але калі супраціў працягнецца, то Захад – падабаецца яму ці не – пад вялізным грамадскім ціскам будзе вымушаны дапамагчы ўкраінцам. Не наўпрост войскамі, але зброяй”.

Прагноз несуцешны – Захад паказаў, што не гатовы да сур’ёзнай канфрантацыі з Расеяй, ні палітычна, ні эканамічна.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Украіна мусіць спадзявацца выключна на свае ўнутраныя сілы, на сваю ўнутраную волю. Але, як мы бачым, украінскія палітычныя эліты нават да канца не разумеюць, што яны мусяць рабіць у гэты крытычны момант”.

Украінскія ўлады, а потым і сілавікі маглі б абараніць усход мірным шляхам, калі б своечасова ўзмацнілі ахову галоўных мясцовых аб’ектаў. Але час быў бяздарна страчаны, кажа сусветна вядомы эканаміст Андрэй Іларыёнаў. Дарэчы, калісьці ён кансультаваў непасрэдна Пуціна, але звольніўся, як пабачыў, у якім кірунку Пуцін вядзе Расею.

АНДРЭЙ ІЛАРЫЁНАЎ, БЫЛЫ ДАРАДЦА ПРЭЗІДЭНТА РАСЕІ:
На жаль, цяпер мірнымі спосабамі вырашыць праблему ўсходу Украіны ўжо немагчыма… Калі на працягу трох дзён інтэрвенцыя не будзе спыненая, шэраг абласцей Украіны будзе страчаны. Сумняваюся, што ў такіх умовах урад у Кіеве выстаіць. Тады лёс усёй Украіны будзе зусім іншы”.

Іншым будзе лёс усіх постсавецкіх краінаў. Пуцін афіцыйна абвесціў курс на “збіранне зямель расейскіх” – то бок, былых краінаў Савецкага Саюзу, і актыўна падпарадкоўвае сабе мясцовыя ўлады гэтых дзяржаваў. Падазроныя дзеянні расейскіх спецслужбаў заўважылі і ў еўрапейскай Латвіі – там Масква ўзмацніла прапаганду сярод расейскамоўных грамадзянаў, ёсць элементы вярбоўкі.

Усё больш заўважна расейскія спецслужбы дзеюць у Малдове. Апошнімі днямі ў Кішынэў вялікімі групамі прылятаюць маладыя мужчыны спартовай знешнасці, і потым накіроўваюцца ў непрызнаную Прыднястроўскую Рэспубліку, дзе Расея мае вайсковыя базы. Небяспеку для незалежнасці разумее нават Аляксандр Лукашэнка. Адсюль і рыторыка падрыхтоўкі боегатоўнасці – на ўсялякі выпадак. Адсюль і шматвектарнасць у дачыненнях з Украінай і Расеяй.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
Пхаць Украіну на федэралізацыю цяпер – вельмі небяспечна. Небяспечна ўсім – і Беларусі з Расеяй, і Захаду”.

Аднак магчымасці манеўру ў Лукашэнкі моцна абмежаваныя, кажа Павел Усаў.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
Паўплываць на змену геапалітычнай сітуацыі Беларусі Лукашэнка ўжо не ў стане. Ён зрабіў усё магчымае, каб Беларусь фактычна цалкам палітычна, эканамічна і стратэгічна залежала ад Расеі”.

Крыўдна, але час, які Беларусь прабавіла ў саюзе з Расеяй, аказаўся страчаным.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў