Ці ўзялі Януковіча на працу ў агентуру?


Падчас працы на пасадзе прэзідэнта Украіны Віктар Януковіч стварыў цяплічныя ўмовы для агентаў Масквы: забараніў украінскай контрвыведцы супрацьдзеяць расейскім спецслужбам.

Ці ў стане ўкраінская контрвыведка супрацьстаяць расейскім спецслужбам? «Белсат» у наўпроставым эфіры паразмаўляў з Дмытром Тымчуком, дырэктарам Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў (Украіна).

{movie}Ці ўзялі Януковіча на працу ў агентуру? / Дмытро Тымчук у наўпроставым эфіры студыі “Белсат” |right|15891{/movie}

Куратары з Севастопалю і Растова-на-Доне

Спадар Тымчук распавёў, што сеткі Федэральнай службы бяспекі (ФСБ) Расеі ды Галоўнага ўпраўлення выведкі Генштабу Расеі (рас. ГРУ) ствараліся ва Украіне цягам гадоў. Задачу ім спрасціў украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч, які закрыў расейскі кірунак для ўкраінскіх спецслужбаў: «Было прызнанае, што Расея – наш вялікі сябра і супраць яе працаваць мы не можам». Увесь гэты час, паводле суразмоўцы, дэпартамент контрвыведкі ў Службе бяспекі Украіны не мог працаваць эфектыўна.

Паводле Дмытро Тымчука, пры Януковічы ва Украіне стваралася сур’ёзная сетка ФСБ, якую курыравала структурнае падраздзяленне пры Чарнаморскім флоце ў Севастопалі ды Галоўнае ўпраўленне выведкі Генштабу Расеі. Сетка каардынавалася з Растова-на-Доне.

«Таму, калі Расея распачала ўзброенае ўварванне яшчэ ў Крыме, а на ўсходзе Украіны пачалі праводзіць экстрэмісцкія акцыі, было зразумела, што нашая контрвыведка не можа супрацьстаяць проста таму, што гэтым кірункам доўгія гады ніхто не займаўся», – тлумачыць дырэктар Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў.

Мяжы паміж Украінаю і Расеяй няма

Ён звяртае ўвагу і на тое, што мяжа паміж Украінаю і Расеяй па-сутнасці празрыстая. «Усе апошнія гады Украіна ўздымала пытанне пра дэлімітацыю і дэмаркацыю, але Масква заўсёды супрацьстаяла гэтаму. Таму на сёння мяжы, як такой, не існуе. Ёсць мытныя пункты на аўтамабільных трасах і чыгунцы. Але мяжа ніяк не абазначаная. Цяпер нашыя памежнікі якраз развязваюць гэтую праблему, перакрыты асноўныя дарогі, якія злучаюць Украіну і Расею, але для дыверсійных групаў застаецца магчымасць перакрочыць яе».

Дмытро Тымчук гаворыць, што ўкраінскія сілавікі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасцях, бо ўлады краіны не ўводзяць надзвычайнага стану праз боязь сарваць прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 25 траўняю «Нашая група «Інфармацыйны супраціў» папярэджвае, што, калі цяпер не прыняць захадаў, у траўні давядзецца выбіраць губернатара Маларасеі як суб’екта Расейскай Федэрацыі. Але ўкраінская ўлада мае свае перакананні ды стаіць на сваіх пазіцыях».

Чаго баіцца ўкраінская мафія?

Суразмоўца нагадвае яшчэ пра адну. праблему: з Расеяй супрацоўнічае ўкраінская мафія. «Мы апазнаем на гэтых акцыях экстрэмістаў людзей з атачэння ўкраінскіх крымінальных аўтарытэтаў. Яны хочуць федэралізацыі, бо ў Кіеве змянілася ўлада, у алігархаў і Януковіча было шмат крымінальных схемаў, і яны баяцца, што за іх возьмуцца праваахоўныя органы».

Дмытро Тымчук не мяркуе, што Віктар Януковіч быў працаўніком расейскіх спецслужбаў. «…Не думаю, што Януковіч працаваў на Расею, у яго былі свае абсалютна выразныя крымінальныя планы, але ён перабываў пад моцным уплывам Масквы. Мы цяпер выяўляем, што сілавыя структуры і ўзначальвалі пры ім стаўленікі Масквы ды было шмат прадстаўнікоў незразумелых структураў».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў