Антытэрарыстычная аперацыя ва Украіне падахвоціла сепаратыстаў?


https://youtu.be/jxaO1_ejoHw
Сепаратысты працягваюць штурмаваць усход Украіны. Прарасейскія актывісты ў Горлаўцы захапілі гарадскую раду: вывесілі свой сцяг і зрынулі мэра. А ўжо на заўтра прызначылі правядзенне пазачарговай сесіі гарадской рады.

Горлаўка стала чарговым горадам паўднёва-ўсходняй Украіны, дзе ўлада фактычна перайшла да прыхільнікаў самаабвешчанай Данецкай рэспублікі, сёння раніцаю тут узялі штурмам будынак гарадскога аддзялення міліцыі.
{movie}Антытэрарыстычная аперацыя ва Украіне падахвоціла сепаратыстаў? |right|15890{/movie}
Некалькі дзясяткаў узброеных прарасейскіх актывістаў прыйшлі раніцаю да будынку гарадскога аддзялення міліцыі з патрабаваннем да праваахоўнікаў здацца і аддаць зброю. Кіраўнік горлаўскай міліцыі ад выканання гэтых патрабаванняў адмовіўся і зазначыў, што застаецца адданы загадам уладаў Украіны.

Атрымаўшы адмову, група сепаратыстаў пры падтрыманні некалькіх соцень мясцовых жыхароў пачала сілавы захоп будынку, працаўнікі міліцыі больш за гадзіну трымалі абарону, але ў выніку вымушаныя былі саступіць. Частка з іх прыняла прысягу самаабвешчанай Данецкай рэспублікі.

Кіраўнік горлаўскай міліцыі ды група праваахоўнікаў, якія да апошняга аказвалі супраціў сепаратыстам, былі моцна збітыя, у цяжкім стане іх даставілі ў шпіталь.

Сіламі сепаратыстаў сёння быў захоплены таксама будынак гарадской адміністрацыі, месца перабывання мэра гораду – невядомае.

Прадстаўнікі сепаратыстаў адмаўляюцца ад перамоваў з афіцыйным Кіевам і ўжо не пагаджаюцца нават на абяцанне Аляксандра Турчынава правесці рэферэндум для дэцэнтралізацыі ўлады ва Украіне.

Выглядае, што абвешчаная ўкраінскімі ўладамі антытэрарыстычная аперацыя, мабілізавала, хутчэй, сепаратыстаў, чымся сілавікоў. Ніякіх актыўных дзеянняў украінскіх праваахоўнікау і войска пакуль не бачна.

Алесь Баразенка, Сяргей Кавалёў, Горлаўка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары