Дзе беларускі вырай?


Беларускі вырай, страчаны Эдэм, дзе хлапцы ў вышыванках жнуць жыта касою, а дзеўкі спяваюць так, што чуваць па іншы бок мяжы. Сакральны год у згодзе з зямлёю і Богам. Дзе сама праца – малітва, а свята – абрад. Даўно мінулы свет, прыгожая казка, скажаце вы? А рэжысёр «Белсату» Юры Каліна здолеў яго адшукаць і стварыць дакументальны фільм «Сейбіт».

Прэм’ера фільму «Сейбіт» адбудзецца ў Вялікую суботу, 19 красавіка а 21:15.

{movie}Сейбіт. Трэйлер|right|15889{/movie}

Галоўны герой фільму Дарафей Фіёнік, які жыве, як ягоныя продкі.

«Людзі на Палессі ды Падляшшы нічым не адрозніваюцца. Гэта – супольны моўна-этнаграфічны край, штучна падзелены мяжою. Я сам паляшук, але з польскага Падляшша, – прызнаецца рэжысёр Юры Каліна. – Таму я ўзяўся за гэты фільм, бо лічу сваім абавязкам захоўваць аўтэнтычную культуру. Тое, што ёсць у фільме, – гэта ўніверсальныя вартасці, зразумелыя людзям ува ўсім свеце. Адданасць роднай культуры і тое, што ён сее гэтыя вартасці ў сваёй сям’і ды сярод іншых людзей».

Дарафей – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім. Ён беларус, грамадзянін Польшчы (як і ягоныя продкі), выпускнік праваслаўнай духоўнай семінарыі, рэгент царкоўнага хору, стваральнік Музею малой айчыны ў Студзіводах, рэдактар этнаграфічнага часопісу «Бельскі гасцінец», аўтар кніжак пра гісторыю рэгіёну. Ён заснаваў гурт «Жэмэрва» (Żemerwa), што выконвае аўтэнтычны фальклор Падляшша, а кіруе калектывам ягоная сястра Анна Фіёнік. Дарафей рэгулярна ладзіць этнаграфічна-фальклорныя імпрэзы з удзелам ансамбляў з Беласточчыны і беларускага Палесся. А яшчэ ён займаецца фермерствам і з дапамогаю сям’і традыцыйным спосабам вядзе гаспадарку на плошчы некалькі гектараў: малоціць збожжа цэпам, косіць касою, жне сярпом і сее ўласнымі рукамі.

Але сее Дарафей Фіёнік нешта большае за жыта. Ён працуе на беларускай ніве, якую падзяліла мяжа, каб захаваць і распаўсюдзіць свой плён – культуру падляскіх беларусаў – на ўзор біблейскага сейбіта, каб тое зерне «ўпала на добрую зямлю і дало плён».

Юры Каліна, які зняў для Белсату «Архімандрыт» над «Сейбітам» працаваў паўтара года. Здымкі адбываліся па два бакі мяжы – на польскім Падляшшы і ў беларускім Палессі.

«У гэтых мясцінах я сустрэў шчырых і аўтэнтычных людзей, якія адданыя зямлі ды працы на ёй. Іх я сустракаў яшчэ ў дзяцінстве, бегаючы хлапцом за каровамі і дапамагаючы бацькам у полі. – распавядае Юры Каліна – Таму падчас працы над фільмам нас прымалі, як сваіх. Дапамагае таксама валоданне моваю і сапраўдная цікаўнасць да героя. Суразмоўцы вельмі хутка адчуваюць, хто да іх прыехаў – свой чалавек, які сапраўды зацікаўлены культураю і побытам, ці журналіст, які шукае танную сенсацыю».

Фільм-падарожжа ў часе. Фільм-сузіранне. Фільм-развага. Вось ён – адказ на вечнае пытанне пра сэнс жыцця і слушнасць чынаў. З маляўнічымі здымкамі ды шыкоўнымі песнямі.

Дакументальны фільм „Сейбіт” глядзіце ў Вялікую суботу па спадарожніку і ў он-лайн трансляцыі на сайце. Пасля прэм’еры фільм можна глядзець і пампаваць у Фільматэцы „Белсату”.

Вольга Швед, belsat.eu

Стужка навінаў