Гісторыя кахання праз турэмныя краты ўразіла палякаў


20 месяцаў працы, сотні прачытаных лістоў і лёс дваіх маладых людзей. Фільм распавядае пра драматычнае каханне маладафронтаўцаў Насты Палажанкі ды Змітра Дашкевіча. Перад камерай яны чытаюць свае лісты, якіх за часы зняволення напісалі адзін адному больш за тысячу. Пасля пратэстаў у снежні 2010 г. іх пасадзілі ў турмы. Наста пасля адседкі ў следчым ізалятары КДБ атрымала 1 год умоўна, а Змітра кінулі за краты на 2 гады. У турме яны пабраліся шлюбам, і Наста змяніла прозвішча на Дашкевіч. У жніўні 2013 г. хлопец выйшаў на волю. Фільм, зняты Андрэем Куцілам і Вячаславам Ракіцкім, упершыню паказалі на тэлеканале «Белсат» 24 снежня 2013 года.

{movie}Каханне па-беларуску. Фільм|right|15881{/movie}

Фестываль «Мастацтва факту» праходзіць у Торуні (сёлета – з 10 да 12 красавіка) і збірае аўтараў тэлерэпартажаў і дакументальнага кіно. І ў гэтым гадзе галоўную ўзнагароду атрымаў фільм з беларускаю тэматыкаю. «Думаю, перадусім журы ўразіла гісторыя, якую мы распавялі, гісторыя кахання праз краты маладых людзей, – сказаў у інтэрв’ю «Белсату» Вячаслаў Ракіцкі.Для сучаснай дэмакратычнай Еўропы, для Польшчы гэтая гісторыя ўжо ўнікальная. Але яна, на жаль, зусім звычайная для Беларусі. Спадзяюся, што сябры журы адчулі менавіта яе драматызм».

Паводле Вячаслава Ракіцкага, гэтая перамога для іх з Андрэем Куцілам вельмі важная, бо яна першая, а да таго ж атрыманая ад калегаў з Польшчы. У гэтай краіне школа дакументальнага кіно мае глыбокія традыцыі ды вялікі аўтарытэт. Вячаслаў Ракіцкі таксама спадзяецца, што драматычная гісторыя кахання праз краты прыцягне ўвагу міжнароднай грамадскасці да праблемы палітвязняў у Беларусі. Бо фільм пераклалі не толькі на польскую, але і на ангельскую мовы, аўтары гатовыя да ўдзелу ў іншых фестывалях.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў