Ва Украіне апасаюцца ўводзіць надзвычайнае становішча


Увод надзвычайнага становішча ва Украіне запатрабуе спынення выбарчай кампаніі, што стварае падставы для сумненняў у легітымнасці прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта ў «Фэйсбуку» заявіла намесніца сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Вікторыя Сюмар.

Акрамя таго, паводле Сюмар, надзвычайнае становішча не дае ніякіх перавагаў, бо каменданцкую гадзіну трэба забяспечваць тады, калі міліцыя задзееная для іншых задачаў.

«Усім відавочна: гаворка ідзе аб працягу ваеннай агрэсіі Расеі, якая ўзяла на сябе ролю актыватара, арганізатара і каардынатара сепаратысцкага працэсу з мэтаю дэстабілізацыі. Войска не выкарыстоўваюць супраць насельніцтва, але яно мусіць быць задзеенае ў выпадку наяўнай вонкавай агрэсіі і відавочных праяваў тэрору, з чым маем справу», – дадала Сюмар.

Між тым сітуацыя на ўсходзе краіны працягвае абвастрацца. У Данецкай вобласці ўвялі рэжым спецаперацыі. Нягледзячы на ўльтыматум, мітынгоўцы ў Данецку, што выступаюць за федэралізацыю Украіны, не збіраюцца вызваляць адміністрацыйных будынкаў. Адмовіліся пакідаць свае патрабаванні і згаджацца на ўмовы Кіева пратэстоўцы ў Луганску. У Славянску сепаратысты ўмацавалі барыкады на ўездзе ў горад і вакол раённага аддзелу міліцыі. У Горлаўцы сепаратысты штурмуюць аддзел міліцыі.

Паводле кіраўніка Цэнтру ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрыя Тымчука, за апошнюю ноч расейскія войскі на ўкраінскай мяжы пераведзеныя ў стан поўнай баявой гатовасці.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары