Кіраўнік МУС Украіны: Ідзе напад... Ідзе перастрэлка (відэа, дзе чуваць стрэлы)


У некаторых гарадах Данецкай вобласці ідзе страляніна між узброенымі баевікамі і міліцыяй, падаў у «Фэйсбуку» выканальнік абавязкаў міністра ўнутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў.

Паводле в. а. міністра ў Краматорску (Данецкая вобласць) невядомыя баевікі абстралялі раённы аддзел міліцыі. Міліцыя таксама адказвае стрэламі.

{movie}Стрэлы, крыкі – баевікі ля будынка міліцыі. Краматорск (Данецкая вобласць) |right|15873{/movie}

Нападнікі назваліся Славянскім батальёнам “Данецкай народнай рэспублікі”, паведамляюць “Навіны Данбасу”. Мясцовае насельніцтва сустракае іх крытычна. Людзі незадаволеныя з’яўленнем “зялёных чалавечкаў”, пытаюцца, хто яны і адкуль. Паводле папярэдняй інфармацыі абстрэл Краматорскага аддзялення міліцыі вёўся з пісталетаў Макарава і аўтаматаў Калашнікава. Ёсць адзін паранены. Баевікі выцеснілі міліцыянтаў і занялі іх будынак.

У Красным Лімане (Данецкая вобласць) баевікі напалі на міліцыю з кароткарульнымі аўтаматамі расейскай вытворчасці АК 100, але адступілі пад ціскам міліцыянтаў і гарадскіх дружыннікаў. «АК 100 з падрульнымі гранатамётамі ёсць толькі на ўзбраенні войскаў РФ».

У Славянску знішчылі вышкі мабільнай сувязі. Невядомыя са зброяй блакуюць раённы аддзел міліцыі і СБУ.

«Улады Украіны разглядаюць факты сённяшняга дня як праявы вонкавай агрэсіі з боку Расейскай Федэрацыі», – напісаў Авакаў.

Паводле яго, тэрмінова склікалі Раду нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Міліцыя і войскі выконваюць аператыўны план рэагавання, зазначыў кіраўнік МУС.

«Усім – спыняйце стагнаць і крыкам атакаваць тых, хто і так пад атакаю. Рабіце, што можаце на Данбасе, – працуйце з людзьмі. Мы сваю справу зробім. Рабіце і вы сваю», – заклікаў Авакаў.

Максім Ярашэвіч, ЯС, belsat.eu

Стужка навінаў