Наколькі рэальна, што Смаленшчына зноў стане беларускаю?


https://youtu.be/hW0F5JSUszo

Спачатку ў сеціве з’явіліся некалькі анлайн-петыцыяў за правядзенне рэферэндуму аб далучэнні Смаленшчыны да Беларусі. Пасля нават губернатар памежнай вобласці запрапанаваў перадаць беларусам землі шэрагу раёнаў. Некаторыя ўспрынялі гэта надта літаральна, а каб расставіць кропкі над “і” на Смаленшчыну накіраваліся нашыя карэспандэнты.

На фоне анексіі Крыму з прычыны ягонай нібыта гістарычнай прыналежнасці Расеі размовы пра беларускае мінулае Смаленшчыны атрымалі новы сэнс. Мясцовае кіраўніцтва на пачатку смяялася з такіх прапановаў. Хаця гісторыю ведае нядрэнна.
{movie}Каму Смаленшчыну?|right|15874{/movie}
НАТАЛЛЯ КАШАНСКАЯ, КІРАЎНІЦА СПРАВАМІ АДМІНІСТРАЦЫІ:
“З 1929 года мы ў складзе Расейскай Федэрацыі складаем Шумяцкі раён [Смаленшчына – «Аб’ектыў»]. Ну, а пры вайне 1918 года – увогуле Польшчы належалі”.

Але праз некалькі дзён губернатар вобласці Аляксей Астроўскі запрапанаваў перадаць зямлю шэрагу раёнаў… беларусам. Пра ўсю вобласць гаворкі няма. Перадусім вядзецца пра Манастыршчынскі, Хіславіцкі, Руднянскі і Шумяцкі раёны. Прычына, праўда, не ў гістарычнай справядлівасці, і не вяртанні тэрыторыяў, а ў заняпадзе мясцовых сельскіх гаспадарак. Якія могуць падняць менавіта заходнія суседзі.

АЛЯКСАНДР ЦІХІ, В. РАЗАНЦЫ, СГК «КАСТРЫЧНІК»:
“Кожны год дапамагаем расейцам”.
“Аб’ектыў”: “Якім чынам дапамагаеце?”.
“Просяць у нас тэхніку, адпраўляем механізатараў, яны разлічваюцца з механізатарамі, на ўборку, на пасяўную звярталіся – адпраўлялі і камбайн, і граблі на загатоўку кармоў”.

Амаль усе вёскі на ўсход ад мястэчка Мсціслаў да самае расейскае мяжы аб’яднаныя ў кааператыў “Кастрычнік”. Гісторыя добрых дачыненняў з суседнім калгасам “Барэц” у Хіславіцкім раёне старая. Ягоны былы старшыня ўзгадвае супольныя працы ды візіты тады, калі абедзве гаспадаркі былі ўзорнымі. Што сталася з расейскаю?

ВАЛЯНЦІН КАРАЎСКІ, БЫЛЫ СТАРШЫНЯ КАЛГАСУ «БАРЭЦ»:
“З 1987 года пабывалі 12 кіраўнікоў. Хто год, хто паўгода, ну, і атрымалася тое, што калгас давялі да банкруцтва. Прыехалі судовыя выканаўцы, забралі даўгі… Ну, а рэшту ўсю расцягнулі па вусах, па бародах”.

У сваю чаргу з нашага боку мяжы жывуць людзі, адселеныя з забруджаных тэрыторыяў Чэрыкаўскага раёну. Ім давялося ствараць новы дом тут. Кажуць, што чужога, а тым больш суседскага – ім не трэба. А расейцам раяць проста палюбіць сваё.

АЛЕНА ПАШТОВА, В. РАЗАНЦЫ, НАВУЧАЛЬНЫ КОМПЛЕКС:
“Дзеля таго, каб штосьці падтрымліваць, трэба проста вельмі-вельмі любіць гэтую зямлю, на якой ты жывеш. І любіць тых людзей, што побач з табою, і тады ўсё атрымліваецца. А гэтая рыса шматпакутная і выпакутаваная толькі ў беларускага народу”.

Акрамя ананімных інтэрнаўтаў, ніхто ў Смаленску за далучэнне да Беларусі адкрыта і не выказваўся. Але падымаць край беларускімі рукамі не супраць ні цяперашні губернатар, ні былы старшыня калгасу. Калі свае не ў стане, то чаму б не даверыць суседзям?

ВАЛЯНЦІН КАРАЎСКІ, БЫЛЫ СТАРШЫНЯ КАЛГАСУ «БАРЭЦ»:
“Гэта правільна. Чаго зямля пустуе? Чаго зямля дзічэе? Гэта ж не выкарыстоўванне зямлі. Вядома, трэба, каб сеялі”.

Але і з беларускага боку мяжы ахвочых працаваць на зямлі няшмат. Нягледзячы на неблагі стан мясцовай гаспадаркі, моладзь пры першай магчымасці намагаецца ўцячы ў горад. Так што праблемы Смаленскай вобласці хутчэй за ўсё застануцца расейскімі.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары