У Данецкай вобласці Украіны распачалася рэалізацыя крымскага сцэнара?


Узброеныя баевікі, якія назваліся “ініцыятыўнаю групаю Данецкай рэспублікі” амаль адначасова пачалі захопліваць шэраг дзяржаўных будынкаў у некалькіх гарадах вобласці. Сілавікі ж працягваюць бяздзеяць. Няўжо ў Кіеве не баяцца паўтарэння на Данбасе крымскага сцэнара?



Дзяліць украінскую маёмасць у акупаваным расейцамі Крыме гатовыя самаабвешчаныя ўлады аўтаномнае рэспублікі. А менавіта тыя аб’екты, якія належаць Украіне і месцяцца на тэрыторыі паўвостраву.

{movie}Рэалізацыя крымскага сцэнара?|right|15867{/movie}

РУСТАМ ТЭМІРГАЛІЕЎ, ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕР РЭСПУБЛІКІ КРЫМ:

“Гаворка – пра кампанію “Черноморнефтегаз” і ўсе яе актывы, улучаючы вышкі, якія месцяцца і здабываюць паліва на шэльфе ў аддаленні ад крымскіх берагоў. Гэтую кампанію прызнаюць рэспубліканскаю”.



Напярэдадні ж Злучаныя Штаты ў дачыненні “Черноморнефтегазу” прынялі рашэнне адносна санкцыяў. Усе фінансавыя аперацыі кампаніі будуць заблакаваныя. Пад санкцыі трапілі і сямёра мясцовых дэпутатаў. Аднак эйфарыя ў прарасейскіх дзеячаў пасля правядзення гэтак званага рэферэндуму не праходзіць.

Тым часам сепаратысты працягваюць дэстабілізаваць сітуацыю на ўсім паўднёвым усходзе Украіны. Захопленымі па-ранейшаму застаюцца будынкі абласной адміністрацыі ў Данецку і СБУ ў Луганску. Нягледзячы на тое, што час ультыматуму, які Кіеў выставіў сепаратыстам, даўно скончыўся, штурму будынкаў не адбылося.

Ці не асмеленыя адсутнасцю рашучай рэакцыі ў Данецку і Луганску, невядомыя ў Харкаве паведамілі пра замінаванне некалькіх гатэляў. У сувязі з гэтым з раніцы ачапілі цэнтр гораду. Аднак гэта не перашкодзіла правядзенню тут маштабнага мітынгу за адзінства Украіны, удзел у якім прынялі больш за 10 тыс. харкаўчанаў.

УДЗЕЛЬНІКІ МІТЫНГУ:

“Украіна – адзіная краіна, і Харкаў – гэта Украіна! Гэта не патрабаванне, гэта наш лозунг”.

“Мы не маем раз’ядноўвацца. Захад і Усход – разам!”.



У Данецку ж сепаратысты занялі абласное ўпраўленне МУСу Украіны.

ПРАДСТАЎНІК СЕПАРАТЫСТАЎ:

“Я хачу перадаць кіеўлянам вялікае прывітанне з Данбасу. Паглядзіце, што вы нарабілі. Як вы маглі дапусціць гэтую ўладу?”.

Але паўстае і іншае пытанне: як гэтыя ўлады дапускаюць свавольства ўзброеных фармаванняў, дзеянні якіх відавочна добра спланаваныя і скаардынаваныя? Якія, напрыклад, у Славянску ставяць свае блокпосты…

ПРАДСТАЎНІК СЕПАРАТЫСТАЎ:

“Каб нашая Данецкая рэспубліка была свабоднаю, мы хочам быць незалежнымі ад кіеўскіх уладаў”.

Таго ж, ад каго яны хочуць быць залежнымі, сепаратысты нават не хаваюць. Не бяздзее, натуральна, і Масква.

Пра тое, што выпадкі затрымання расейскіх дыверсантаў ва Украіне пачасціліся, паведамляе СБУ. У Кіеве патрабуюць ад Расеі спыніць дзейнасць яе спецслужбаў ва Украіне. Масква сваю датычнасць да падзеяў адмаўляе.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ:

“Нас вінавацяць, што там нейкія агенты нашых спецслужбаў. Іх там няма. Войскаў там нашых таксама няма”.



Але пра тое, што “зялёныя чалавечкі” ў Крыме не былі мясцоваю самаабаронаю, як сцвярджала Масква, – ведае ўвесь свет. Хто ж цяпер хавае твары пад маскамі гэтак званай “ініцыятыўнай групы Данецкае рэспублікі”? Ці не тыя, хто ў Крыме ўжо выканаў сваю місію?

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў