У гарадах Данецкай вобласці - «зялёныя чалавечкі». Захапілі будынкі, блакуюць праезды


У некалькіх гарадах усходняй Украіны ўзброеныя людзі штурмам узялі будынкі сілавых ведамстваў, на ўездзе ў горад Славянск стаяць блок-пасты невядомых.



Гарадскі аддзел міліцыі гораду Красны Ліман захапілі ўзброеныя людзі, паведамляюць «Новости Донбасса», спасылаючыся на відавочцаў. У той жа час гэтую інфармацыю пацвярджае і «Правы сектар» на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Толькі тэлефанавалі інфарматары. Захапілі раённыя аддзелы ў Краснаармейску і Красным Лімане [гарады ў Данецкай вобласці – belsat.eu]. Дзеяць прафесійныя дыверсанты».

Падрабязнасці захопу міліцыі ў Красным Лімане распавёў актывіст данецкага Еўрамайдану Максім Касьянаў, паводле якога захопнікаў было прыблізна 30 чалавек, яны былі апранутыя ў камуфляж і дзеялі дакладна: «Гэта не мірныя мітынгоўцы, яны былі ўзброеныя. Паўтараецца крымскі сцэнар». Ён таксама паведаміў, што «зялёныя чалавечкі» раздалі зброю пратэстоўцам, якіх сабралася каля будынку мясцовай міліцыі 70–80 асобаў.

Раніцаю ў Славянску (Данецкая вобласць) узброеныя людзі ў камуфляжы захапілі гарадскі аддзел міліцыі і будынак СБУ.

{movie}Сепаратысты каля будынку СБУ ў Славянску|right|15863{/movie}

«На двух мікрааўтобусах у гараддзел пад’ехала група невядомых асобаў і адкрыла бязладны агонь па будынку і вокнах. Затым, зачапіўшыся гакамі, прывязанымі да аўтобусаў, адарвалі краты двух вокнаў гарадскога аддзелу і ўварваліся ў памяшканне», – паведамілі ў МУСе. Ужыўшы слёзацечны газ і дымавыя шашкі, налётчыкі праніклі ў дзяжурную частку. Трое супрацоўнікаў міліцыі пры гэтым атрымалі лёгкае атручванне, надыхаўшыся газу.

{movie}Захоп будынку міліцыі ў Славянску|right|15864{/movie}

Паводле звестак МУСу, у будынку гарадскога аддзелу Славянску застаюцца прыблізна 20 узброеных людзей, якія назваліся ініцыятыўнаю групаю Данецкае рэспублікі. Мэта захопу рэжымнай установы – зброя (у дзяжурнай частцы захоўвалася больш за 20 адзінак аўтаматаў, больш за 400 пісталетаў Макарава і патроны да іх).

На ўездзе ў Славянск з’явіўся блокпост з узброенымі людзьмі, якія кантралююць рух транспарту на ўезд і выезд з гораду. Паводле выдання «Українська правда», некалькі чалавек на блокпостах узброеныя аўтаматамі, іншыя – пісталетамі. Пасты сочаць, каб у горад не ўехала міліцыя.



Мясцовыя медыі адзначаюць, што камуфляж і зброю гэтых людзей вельмі падобныя на экіпіроўку і ўзбраенне «зялёных чалавечкаў», якія месцяцца ў Крыме падчас уварвання расейскіх вайскоўцаў.

Над выканкамам Краматорску сепаратысты вывесілі сцяг гэтак званай Данецкай народнай рэспублікі.

{movie}Сцяг “Данецкай народнай рэспублікі” ў Краматорску.|right|15865{/movie}

Раней была інфармацыя, што ў Данецку прарасейскія актывісты захапілі будынак міліцыі. Самі міліцыянты абвяргаюць інфармацыю аб захопе, падае unian.net

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў