Апошні кароль Рэчы Паспалітай вярнуўся ў свой гарадзенскі палац


Гарадзенскія музейныя працаўнікі вывучылі гістарычныя дакументы, пераапрануліся ў касцюмы эпохі ды зладзілі танцы з дэгустацыяй.

Тэатралізаваную імпрэзу з элементамі экскурсіі, танцамі, дэгустацыяй і фотасесіяй прыдумалі ў Гарадзенскім гістарычна-археалагічным музеі, які месціцца ў перабудаваным палацы Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Апошні кароль Рэчы Паспалітай паўстаў перад гледачамі не толькі як дзяржаўны дзеяч, рэфарматар, мецэнат, але і як закаханы мужчына і вядомы лавелас. Станіслаў Аўгуст быў адукаваны чалавек, ведаў мноства замежных моваў, перапісваўся з Вальтэрам. Сярод ягоных пасіяў была прыгонная танцорка Гарадзенскай балетнай трупы Антонія Тызэнгаўза Апалонія Дарэўская.

З анімацыі гледачы даведаліся пра тое, якія адносіны звязвалі польскага караля з расейскаю імператрыцаю Кацярынаю ІІ, з якімі таямніцамі асабістага жыцця караля быў знаёмы вядомы італьянскі авантурыст Джакама Казанова, пры якіх абставінах кароль адрокся ад трону. Гледачы маглі не толькі ўбачыць рэканструкцыю бальных танцаў эпохі караля Станіслава (XVIII ст.), але і узяць удзел у ёй.

{movie}Рэканструкцыя танцаў эпохі Станіслава Аўгуста|right|15861{/movie}

Як распавяла загадчыца навукова-асветніцкага аддзелу музею Вольга Макарчук, праграму цалкам падрыхтаваў калектыў музею: загадчыца аддзелу гісторыі Марына Сяліцкая распрацавала сцэнар, музей за ўласныя грошы вырабіў касцюмы. У анімацыі задзейнічаныя працаўнікі розных аддзелаў музею, якія, паўстаўшы ў вобразах рэальных гістарычных персанажаў, разыграюць перад гледачамі сапраўдны спектакль. Пры рыхтаванні анімацыі працаўнікі музею абапіраліся на манаграфіі, гістарычныя дакументы, перапіску караля.

«Каралеўская» экскурсія падрыхтаваная на расейскай мове, пасля, калі паслуга будзе карыстацца попытам, сцэнар перакладуць і на беларускую.

АК, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў