У Беларусі за кінутыя магілы сваякоў хочуць саджаць у турму


Радуніцу беларусы адзначаць 29 красавіка. А Палата прадстаўнікоў якраз прыняла папраўкі ў закон «Аб пахаванні ды пахавальнай справе» ў першым чытанні.

Пра свае прапановы наконт законапраекту распавялі адзін з яго распрацоўнікаў, дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Спецкамбінат КБА» Менгарвыканкаму Мікалай Ракевіч і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац.

У Беларусі будуць прадаваць старыя магілы

Мікалай Ракевіч паскардзіўся, што падчас інвентарызацыі, якая ідзе ў Менску ўжо 4 гады, высветлілася, што каля 30 % магілаў – кінутыя.

Паводле абноўленага закону будзе так: калі сваякі не глядзяць за магілаю, рэшткі памерлага закапаюць у брацкую, а месца прададуць. Гэтак званая «актывізацыя» мае адбыцца пасля сканчэння трох «могілкавых перыядаў», то бок 60 гадоў. Спачатку на магіле, якую ніхто не даглядае, вывесяць бірку. Калі цягам 2–3 гадоў сваякі не знойдуцца, яе раскапаюць, парэшткі крэмуюць і пахаваюць у брацкай магіле. Месца прададуць за кошт, які скампенсуе выдаткі на ўсе згаданыя працэдуры.

Такая практыка ўжо існуе: у Менску штомесяц «актывізуюць» 10–15 магілаў. Чыноўнікі кіруюцца тым, што месцы пахавання, асабліва ў цэнтры гораду, павінныя добра выглядаць: мець новы помнік і новую агароджу.

Прыбіраць могілкі цяпер будуць толькі за грошы

Андрэй Шорац прапанаваў адказнасць за прыбіранне могілак перакласці з камунальнікаў на мясцовыя ўлады. Паводле законапраекту, гэткім абслугоўваннем змогуць займацца прыватныя структуры ды індывідуальныя прадпрымальнікі. Пры гэтым міністр не выключыў, што ў арганізацыях ЖКГ могуць стварыць адмысловыя брыгады, якія будуць рабіць прыбіранне за грошы.

За кінутыя магілы – у турму

Гэтая прапанова пакуль не трапіла ў законапраект. Але Мікалай Ракевіч лічыць, што ў заканадаўстве трэба прапісаць крымінальную адказнасць за тое, што грамадзяне не даглядаюць магілаў сваіх продкаў. «Трэба ўнесці ў закон норму аб тым, што, калі чалавек не даглядае за магілаю свайго сваяка ды не 20 гадоў, а 5–6, яго можна прыцягваць да крымінальнай адказнасці». Паводле яго, сваякоў трэба забавязаць, каб яны прыходзілі на могілкі хоць бы разы два на год.

АК, паводле interfax.by

Стужка навінаў