Любоў Кавалёва: Сапраўдных тэрарыстаў дагэтуль не знайшлі


Абвінавачаныя за выбух у менскім метро Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў падпісалі прызнанні пад ціскам і катаваннямі, мяркуе маці расстралянага Любоў Кавалёва.

Пасля выбуху ў менскім метро прайшлі 3 гады. Да смяротнай кары за выбух прыгаварылі двух маладзёнаў – Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Кавалёў замешанасць ува ўсіх трох выбухах адмаўляў, а таксама заявіў, што ў ходзе дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад ціскам следства. Суд прыгаварыў абодвух да смяротнай кары.

{movie}Любоў Кавалёва: Сапраўдных тэрарыстаў дагэтуль не знайшлі |right|15845{/movie}

Маці Уладзіслава Любоў Кавалёва адзначыла, што да сённяшняга дня сапраўдных тэрарыстаў не знайшлі. «Проста на гэтую ролю выбралі дваіх маладых людзей, з якімі можна было «папрацаваць» лёгка, то бок выкарыстаць сілавыя метады, застрашвання. Людзі падпісалі прызнанні пад ціскам, пад катаваннямі».

Маці расстралянага мяркуе, што хлопцы, якія ніколі не мелі праблемаў з законам і не ведалі ўсіх міліцэйскіх парадкаў ды яшчэ і ў ізаляцыі, калі маглі толькі здагадвацца, што адбываецца з іхнымі блізкімі, маглі саступіць пад ціскам. «У судзе сын адмовіўся ад гэтага прызнання. І я думаю, што гэта спрычынілася, што ў судзе вынеслі смяротны прысуд», – адзначыла спадарыня Любоў.

Кавалёў падаваў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Канавалаў, паводле афіцыйных звестак, прашэння не падаваў.

Аляксандр Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекаю і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму».

Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзіла расстрэл Канавалава і Кавалёва і чарговы раз заклікала Беларусь – адзіную ў Еўропе краіну, дзе дагэтуль прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды – увесці мараторый на смяротную кару.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў