Лукашэнка гатовы прыняць у Беларусі ўцекачоў з Украіны


У Беларусі гатовыя прыняць украінцаў, калі давядзецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемства «Слуцкія паясы».



«Ён [украінскі народ – belsat.eu] просіцца да нас. Таму трэба думаць. Нікуды не дзенешся, давядзецца кагосьці з братоў нашых і сясцёр забіраць. Будзем глядзець. Забярэм, калі давядзецца, – сказаў Лукашэнка. – Але лепш, каб там было ціха і спакойна, каб гэтыя добрыя людзі жылі там спакойна. І нам было б лепш, і ім добра».



«Каб мы не адпраўлялі сваіх сыноў і мужоў кудысьці, мы мусім спакойна і ціха працаваць, зарабляць для сябе. Спакой увесь ідзе ад вас, не ад мяне. Калі нашая аснова будзе моцная, не так, як у нашых суседзяў, якія побач, калі пра народ забылі, кінулі, абабралі кожнага як ліпку, цяпер яшчэ павялічылі цэны, пенсіянеры ўжо жыць не змогуць, не ведаю, як будуць там круціцца», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначае БелТА, размаўляючы з жыхарамі Слуцку, Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі вырашаецца пытанне аб паступовым павелічэнні заробку працаўнікоў сфераў адукацыі ды аховы здароўя. «Усё залежыць ад вас. Заробім лішнюю капейку, яна трапіць у бюджэт, і мы ад бюджэту падтрымаем вас».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў