Паралакс: Давай, лама, давай


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Яна бачыла Другую сусветную вайну і назаўсёды ўзненавідзела гвалт. Яна вывучыла шэсць замежных моваў і ўсё жыццё вандравала, каб рабіць, бадай, самыя гуманныя фатаграфіі на свеце. Сапраўдную славу ёй прынёс, аднак, заапарк на адным з амерыканскіх тэлеканалаў.



1957 год. У Еўропе праходзяць адборачныя матчы да чэмпіянату свету па футболе ў Швецыі, СССР адпраўляе ў космас першы і другі (з Лайкаю на борце) спадарожнікі, Іў Сэн Лёран узначальвае мадэльны дом Крыстыяна Д’ёра. Сярод матэрыялаў пра гэта часопіс «Life» раптам публікуе здымак нейкай ламы побач з фота свінні ды каня, аздабляючы ілюстрацыі хохмай пра жывёлінаў, якія няблага зарабляюць, каб ездзіць па Бродўэю на таксоўцы.



Выява нагадвае здымак, якія чытачы часам дасылаюць у рэдакцыі для рубрыкі «Дзіўнае – побач».
Лама нібыта трапіла ў аб’ектыў выпадкова, быццам нейкі мінак стаў сведкам дзівосаў на нью-ёркаўскай вуліцы. Насамрэч ламу клічуць Ліндай, а нібы-міначку – Інге Морат. Гэта малады, але сур’ёзны фатограф, работніца агенцтва «Магнум». Яна працуе разам з Робэртам Капам і Анры Карт’е-Брэсонам, здымае рэпартажы на розных кантынентах і публікуецца ў найлепшых сусветных выданнях. Нядаўна яна пераехала ў ЗША і ўжо некалькі месяцаў працуе над серыяй пра жывёлінаў, якія здымаюцца ў тэлешоу: зебры і гіены прыходзяць у студыю каналу «ABC», нібы палітыкі ды журналісты. Звяроў на тэлевізію дастаўляе адмысловы транспарт, і чаму тут лама сядзіць у таксоўцы – незразумела. Але менавіта гэтая фатаграфія праславіла жанчыну: здымак перадрукавалі шмат якія амерыканскія часопісы, ён трапіў на паштоўкі ды календары.

Чытачы гартаюць часопіс далей і даведваюцца, што праз некалькі дзён дабудуюць Брандэнбургскую браму, што на экраны выйдзе бэргманаўская «Сунічная паляна», а ў Ленінградзе на ваду спусцяць першы невайсковы карабель з атамным рухавіком – ледакол «Ленін». У Інге Морат наперадзе – усё жыццё прафесійнага фатографа: каб не быць ахвярай жартаў кшталту «як там маецца лама?», ёй прыйдзецца зрабіць цыкл знакавых фотасесіяў, напрыклад, з Мэрылін Манро і выпусціць альбом пра сваё падарожжа па Расеі. Але фатограф заўсёды будзе імкнуцца выйсці па-за межы сціслага дакументу, у якім ёй будзе цесна, як Ліндзе ў аўтамабілі. Тонкае пачуццё гумару будзе дапамагаць шукаць камічныя сітуацыі ў паўсядзённым жыцці ды ствараць сюррэалістычныя сцэны на пустым месцы.

Калі дома ёсць прынтар, можаце выдрукаваць ламу наўпрост са старонкі «Белсату», каб павесіць на сцяну. Калі не – іканічны адбітак з арыгінальнага негатыву можна набыць на старонцы агенцтва «Магнум» за 2000 долараў.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў