Беларуская сцюардэса, якая перажыла авіякатастрофу


«Прышпілілі пасажыраў, уключылі магнітафонны запіс: «Земля в иллюминаторе видна…» – узгадвае бортправадніца, якой удалося выбрацца з ахопленага агнём Ту-134.

Сюжэт пра гэта падрыхтавала праграма «Рэпартэр», якая выходзіць на «Белсаце» шточацвер а 20:30. Паглядзець яе вы можаце ў онлайн-трансляцыі на нашай старонцы або ў архіве ў закладцы «Нашыя праграмы».

Наталля Бандарэнка таксама трапіла ў катастрофу. Амаль 30 гадоў таму, 1 лютага 1985 года пад Менскам разбіўся Ту-134, які ляцеў рэйсам Менск–Ленінград. Самалёт упаў у лесе і згарэў. Загінулі 62 асобы з 80. Маладзенькая сцюардэса, ці, як тады казалі, бортправадніца, Наталля Бандарэнка ўратавалася. Яна і сёння ўпэўненая, што выжыць дапамаглі вера ў Бога і пяцігадовая дачка, якая чакала яе дома.

{movie}Беларуская сцюардэса, якая перажыла авіякатастрофу|right|15833{/movie}

Ту-134 быў жоўтага колеру і меў адмысловы дызайн салону: ён быў прызначаны для перавозу VIP-пасажыраў. З вядомых людзей, якіх давялося спаткаць падчас падарожжаў, самым адкрытым аказаўся Уладзімір Высоцкі. «Мы яму прапанавалі месца побач з сабою, – узгадвае Наталля Бандарэнка. – Ён пра дзяцей пра сваіх распавядаў. Пра тое, што прыязджаў здымацца да Пташука – сёмы раз, падаецца, – і ніколі не праходзіў пробы. Вельмі прыгожая скура на твары, персік, пазногці лакам пакрытыя, рукі казачныя. Прыгажунчык..

У той страшны дзень сцюардэсы прышпілілі пасажыраў, уключылі магнітафонны запіс «Земля в иллюминаторе видна…». А пасля… выбухнуў рухавік, стала ціха і цёмна. Калі ачуняла, ляжала на падлозе, прасіла Бога, каб даў вырасціць дачку. Убачыла ногі пасажыра ў агні, дапамагла яму выбрацца на фюзеляж самалёта і сама высунула галаву на вуліцу. «Удзячная Юрыю Ласюку за тое, што ён выцягнуў мяне на паверхню самалёта. Гэта быў пасажыр, што ляцеў з жонкаю, якая згарэла. Засталася дачка, 1 год і 2 месяцы», – удакладняе суразмоўніца.

У выніку катастрофы спадарыня Наталля атрымала апёкі 3-й і 4-й ступені, у яе абгарэла частка твару, валасы. Рукі баляць дагэтуль, таму яна ратуецца пляценнем з саломкі.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў