Калгасы коштам фермераў


Фермер са Светлагорскага раёну, што на Гомельшчыне, звярнуўся да нас па дапамогу, бо мясцовае прадпрыемства не аддае грошай яшчэ за леташні ўраджай. Хаця зерне фермера перапрацавалі і прадалі, з прыватнікам не разлічыліся. Завод, у сваю чаргу, скардзіцца, што ўва ўсім вінаваты… прымус падтрымліваць стратныя калгасы.

Амаль чвэрць стагоддзя пасля развалу СССР сельская гаспадарка ў Беларусі ўсцяж збольшага калгасная. У фермеры ідуць толькі самыя працавітыя сяляне, якія не баяцца, як самыя кажуць, “круціцца”. Сям’я Крупенак, якім належыць аднайменная фермерская гаспадарка ў Светлагорскім раёне, на працу не скардзіцца. Летась зямля добра ўрадзіла, кукурузы сабралі шмат. Зерне прадалі холдынгу “Калінкавічыхлебапрадукт”, дырэктар паабяцаў разлічыцца праз месяц. Прайшоў не месяц, а два, а грошай дасюль няма.
{movie}Калгасы коштам фермераў: зачараванае кола сельскай гаспадаркі |right|15826{/movie}
АЛЯКСАНДР КРУПЕНКА, ФЕРМЕР:
“Яны маю кукурузу перапрацавалі, прадукцыю маю. Гэтая прадукцыя, як зрабілі муку, пайшла ў калгасы. “Калгасы затрымліваюць выплаты, а калі яны выплацяць, не ведаю, праз паўгода–год, потым з гэтых грошай мы вам пералічым”. Ну, гэта ж абсурд, несур’ёзна”.

Доўг Br 47 млн для вялізнага заводу – дробязі. А для фермераў – жыццёва важныя сродкі.

ВАЛЯНЦІНА КРУПЕНКА, МАЦІ АЛЯКСАНДРА, ФЕРМЕРКА:
“Сёння ў мяне пасяўная. За што мне сёння набыць дызель, алівы? Трэба ісці пазычаць грошы дзесьці, выходзіць з сітуацыі. А калі я не засею зямлі, то ў мяне будзе бур’ян, да мяне прыедуць з раёну і дадуць штраф!”.

У генеральнага дырэктара холдынгу “Калінкавічыхлебапрадукт” – свая праўда. Аддаць даўгі – не толькі Крупенкам – прадпрыемства не можа, бо не атрымала грошай ад калгасаў.

СЯРГЕЙ ЯРАСЕВІЧ, ГЕНДЫРЭКТАР ААТ «КАЛІНКАВІЧЫХЛЕБАПРАДУКТ»:
“Ёсць такія прадпрыемствы, каторым мы павінныя ўжо… ну, шмат. І доўга. Бо ўсе грахі на нас вісяць сельскай гаспадаркі. Бо аддавалі камбікармы без даплаты. Сельская гаспадарка няплатаздольная”.

У адрозненні ад шмат якіх калгасаў, што сядзяць на дзяржаўных датацыях, фермеры Крупенкі не просяць дапамогі з бюджэту, працуюць без пазыкаў ды ўсе пастаўкі робяць своечасова.

ВАЛЯНЦІНА КРУПЕНКА, МАЦІ АЛЯКСАНДРА, ФЕРМЕРКА:
“Ад улады я нічога абсалютна не патрабую. Коштамі я задаволеная. Дзяржзамова – я давольная. Але вы вазьміце ў тэрмін і ў тэрмін мне аддайце грошы. Больш нічога абсалютна мне не трэба”.

Мясцовыя жыхары ведаюць пра такія выпадкі.

ЖЫХАРЫ ВЁСКІ ЯЛАНЫ:
“Фермер усё роўна бліжэй да зямлі. Да юрыстаў, дамоваў ён далекавата, таму так і выходзіць, што іх падманваюць тыя, хто хітрэйшы”.
“Тое, што не заплацілі чалавеку, кажа, што іншыя займацца фермерствам проста не будуць”.

Так і выходзіць.

АЛЯКСАНДР КРУПЕНКА, ФЕРМЕР:
“З зямлёй у Светлагорскім раёне, напэўна, толькі два фермеры і засталося займацца. Астатнія – хто не пацягнуў, хто кінуў, і цяпер займаюцца гароднінаю, цюльпанамі альбо яблыкамі”.

А дзе ж у гэтай сітуацыі дзяржава? Хоць афіцыйна ў Беларусі і абвесцілі падтрыманне працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у гэтым выпадку на фермераў яна не распаўсюджваецца.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў