У Польшчы ўшанавалі памяць ахвяраў смаленскай катастрофы


Па ўсёй Польшчы прайшлі жалобныя цырымоніі, прысвечаныя чацвёртай гадавіне з дня катастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам. У трагедыі тады загінулі 96 высокапастаўленых асобаў, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ды ягоная жонка.

Ушанавальныя сустрэчы арганізавалі польскія ўлады і найбуйнейшая апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць» (PIS). Ейныя чальцы настойваюць на тым, што прычынаю падзення стаў выбух на борце, і абвінавачваюць ўрад у нежаданні высветліць сапраўдныя прычыны катастрофы.

{movie}Чацвёртыя ўгодкі катастрофы пад Смаленскам|right|15814{/movie}

Сярод цырымоніяў – малебны, паказ фільмаў аб катастрофе і Леху Качыньскім, канцэрты, а таксама вячэрні «Марш памяці» са свечкамі ды паходнямі. Удзел у афіцыйных сустрэчах цзялі прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ды кіраўнік ураду Дональд Туск.

Згодна з апытаннямі, у замах на жыццё польскага прэзідэнта вераць толькі 25 % палякаў, 61 % апытаных лічаць праўдзівай афіцыйную версію катастрофы, якая, паводле звестак авіяцыйных экспертаў, адбылася праз памылку пілотаў.

Расследаванне акалічнасцяў катастрофы працягваецца да гэтай пары як польскім, гэтак і расейскім бокам.

Прэзідэнцкі самалёт Ту-154М разбіўся падчас заходу на пасадку на вайсковым лётнішчы ў Смаленску. Адтуль кіраўніцтва Польшчы планавала накіравацца на жалобныя цырымоніі, прысвечаныя 70-й гадавіне Катынскай трагедыі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў