«Пуцін паслаў Лукашэнку ў разведку да Турчынава»


Пра ролю Аляксандра Лукашэнкі ва ўкраінска-расейскім канфлікце – «Размова Калінкінай» з палітычным аналітыкам Раманам Якаўлеўскім.

На чыім баку Аляксандр Лукашэнка, які нядаўна сустракаўся з в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандрам Тручынавым, а пасля атрымаў падзяку за падтрыманне Крамля ў канфлікце з вуснаў пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава?

{movie}«Пуцін паслаў Лукашэнку ў разведку да Турчынава» |right|15811{/movie}

Паводле Рамана Якаўлеўскага, калі прааналізаваць заявы кіраўніка Беларусі на тэму падзеяў ва Украіне, то адназначна сказаць пра падтрыманне дзеянняў Расеі з ягонага боку нельга. «Але калі Сурыкаў дзякуе за падтрыманне, то ён, відаць, ведае больш за нас», – дадае аналітык.

Спадар Якаўлеўскі больш як упэўнены, што без дазволу Уладзіміра Пуціна прэзідэнт Беларусі з Аляксандрам Турчынавым не сустрэўся б: «Я б сказаў так: Пуцін паслаў Лукашэнку ў разведку да Турчынава. Мае кіеўскія сябры сказалі, што гэта была сустрэча пастара [Аляксандр Турчынаў – пратэстанцкі пастар. – belsat.eu] з разведчыкам».

Раман Якаўлеўскі мяркуе, што Лукашэнка меў «намацаць пульс» новых кіеўскіх уладаў напярэдадні магчымай інтэрвенцыі Расеі ва Украіну. «Не ведаю, намацаў Лукашэнка пульс ці не, але агрэсіі дагэтуль не адбылося, хоць яе ўсе чакалі з дня на дзень», – гаворыць ён.

«Наступны этап пуцінскіх праектаў на постсавецкай прасторы – падпісанне дакументаў Мытнага саюзу, якое чакаецца ў траўні, як этап стварэння Еўразійскага, на што Назарбаеў заўсёды кажа «эканамічнага», саюза», – працягвае Раман Якаўлеўскі. І дадае, што гэта няпростая задача для Пуціна, бо канчатковых дамоўленасцяў пад гэтымі падставовымі дакументамі дагэтуль няма, і кожны, у тым ліку, і Лукашэнка, вядзе тут сваю гульню.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў