Менскія «Цмокі» займаліся прыпіскамі?


Матчы баскетбольнага клубу «Цмокі» (Менск) сталі самымі наведвальнымі ў міжнароднай «Адзінай лізе ВТБ». Але журналісты і адмыслоўцы сцвярджаюць, што такога выніку найлепшы баскетбольны клуб краіны дасягнуў дзякуючы шматлікім фальсіфікацыям.

«Цмокі» гулялі ў міжнародным турніры «Адзіная ліга ВТБ», які аб’ядноўвае 20 клубаў з васьмі краінаў (Расея, Беларусь, Польшча, Літва, Чэхія, Эстонія, Украіна і Казахстан). Менчукі перамаглі толькі ў 4 гульнях з 18 згуляных у спаборніцтвах і занялі перадапошняе месца (падзялішыў яго з украінскім «Азоўмашам»). Але ў колькасці заўзятараў, якія прыйшлі на хатнія матчы каманды, «Цмокі» ўпэўнена занялі першае месца. Адзначым, што беларуская каманда гуляла на самай вялікай пляцоўцы лігі – «Менск-арэне». Гэтак, згодна з афіцыйнаю статыстыкаю (якую ў аргкамітэт турніру падаваў сам клуб) на 9 хатніх гульняў сталічнага клубу прыйшло 37 630 заўзятараў (у сярэднім 4181 – на гульню). Дзіўна, што ажно амаль на 7 тысячаў ад «Цмокаў» адстаў, заняўшы другое месца ў колькасці заўзятараў, літоўскі «Lietuvos Rytas», які прымаў супернікаў на «Siemens Arena». Пры тым што літоўскі клуб – адзін з лідараў «Адзінай лігі ВТБ», а баскетбол у Літве – ледзь не «нацыянальная рэлігія».

Ці мог аўтсайдар турніру сабраць больш за ўсіх заўзятараў у лізе, нават гуляючы на самай вялікай арэне лігі? Адмыслоўцы кажуць, што не.

Журналісты сайту sportnaviny.com правялі журналісцкае расследаванне, з якога вынікала, што «Цмокі» значна перабольшылі колькасць наведнікаў матчаў. Паводле афіцыйнай версіі «Цмокаў», на гульні супраць маскоўскага ЦСКА сабралася 7350 гледачоў (гэта быў рэкорд сезону), але карэспандэнты «Спортнавінаў» сцвярджаюць, што на сустрэчы не магло быць больш за пяць тысячаў чалавек. А 1500 заўзятараў, якія прыйшлі на матч «Цмокаў» супраць «Астаны», падаюцца лізе як 4030 чалавек.

«Ужо на першым матчы сезону мы пабачылі дзіўныя звесткі: паводле «Прессболу», матч з «Красным Октябрём» наведалі за 2000 чалавек, а на афіцыйным сайце «Адзінай лігі ВТБ» значылася лічба 3800 чалавек! Усё б нічога, ды прэс-аташэ «Цмокаў» Дзмітрый Герчыкаў працуе і ў «Прессболе». У далейшым на старонках газеты паказвалася толькі афіцыйная інфармацыя, якая не зусім адпавядала рэчаіснасці», – гаворыць адзін з журналістаў «Спортнавінаў».

Дзмітрый Герчыкаў ад каментароў адмаўляецца. Прэс-аташэ толькі зазначыў, што ўсё гэта – няпраўда, якую адмыслова распаўсюджваюць пэўныя людзі.

Былы першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетболу, а цяпер дырэктар маркетынгавага агенцтва «Sportteam» Валерый Гарэлікаў упэўнены, што «Цмокі» сапраўды падавалі не адпаведныя рэчаіснасці лічбы. «Пры рэальным павелічэнні колькасці заўзятараў клуб перамог бы па-сапраўднаму: павялічыўся б прыбытак клубу ад прададзеных білетаў і атрыбутыкі, рэальна павялічылася б аўдыторыя клубу», – заўважыў Валерый Гарэлікаў.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары