Lesley Knife: Заўжды мяне звалі «бандэраўцам», і раптам я стаў агентам Лазавіка


Некалькі дзён беларускі інтэрнэт стаяў на вушах. На прэзідэнта вырашыў ісці былы касмічны пірат, у праграме якога не было ні слова пра стабільнасць, затое ён абяцаў узаконіць карупцыю і пашырыць межы Беларусі за кошт пазазямных заваёваў. Мы сустрэліся з незвычайным кандыдатам, каб даведацца падрабязнасці ягонай касмічнай праграмы.

Спатканне адбылося ў тым самым месцы, дзе касмічнаму пірату проста зліцца з натоўпам – на ўсходняй ўскраіне Менску. Лэзлі і сапраўды аказаўся блізкі да народу – ні зброі, ні дзівацкага строю ў яго не было. Было толькі шмат здзіўлення ад таго, які востры недахоп гумару выявіўся ў беларусаў.

– Давайце пачнем са звестак біяграфічных: калі ды дзе вы нарадзіліся?

– Паводле легенды, у мяне была амнезія, я не памятаю, дзе я нарадзіўся. У гэты свет я матэрыялізаваўся пасля касмічнай катастрофы ў 75-м годзе мінулага стагоддзя. І вось з той пары я спрабую патрапіць у кропку часу і прасторы, дзе адбылася гэтая катастрофа, каб вярнуцца дахаты.

– Як вы апынуліся ў Беларусі – вас сюды адразу закінула?

– Адразу. Гэта мой злы рок.

–Чаму злы?

– Бо ніхто жарту не ацаніў.

Тут гамяльчук, саліст метал-гурта “Gods Tower” Уладзіслаў Наважылаў канчаткова выходзіць з вобразу, які ўжо і не ведае, ці варта на сябе прымяраць. Бо рэакцыя на ягоны віртуальны перформанс аказалася нечаканая. Беларусы так любяць выбары, што блюзнерства ў гэтай справе не даруюць.

– На самой справе гэта быў тэст на гумар. Штогод у мяне здараецца такое “абвастрэнне”. Летась я анексаваў пояс астэроідаў і абвесціў сябе каралём. А яшчэ да гэтага абвяшчаў, што мы будуем флатылію ледаколаў, каб заваяваць Кемерава. Я не чакаў такога рэзанансу, які атрымаўся гэтым разам, быў шок, калі я зрабіў сайт, парагатаў, а на наступны дзень пра яго друкуюць ужо на “Хартыі”.

Па-мойму, яны ўсе проста звар’яцелі ад сваёй сур’ёзнасці. Я пачытаў некаторыя рэсурсы, металёвыя, дзе мяне пясочаць за тое, што блазнам стаў. Проста бачу: сядзяць такія салонныя металісты… Трызненне! Метал – гэта амаль панк, проста з гард-рокам уперамешку, так заўжды было. А тут, бач, усе такія правільныя, гатычныя, з вышэйшай адукацыяй.

– Рэакцыя аказалася дастаткова негатыўная…

– Вядома, успрынялі быццам я насамрэч зараз пайду балатавацца. Цікава, што знайшліся людзі, якія гатовыя заняцца рэгістрацыяй на поўным сур’ёзе. Я зрабіў такую рэч, што сам не ведаю, куды мяне гэта завядзе.

– Можа, сапраўды паспрабуеце кандыдацтва? Ва Украіне цяпер Дарт Вэйдэр намагаўся зарэгістравацца кандыдатам.

– Справа ў тым, што ў нас што рок-зорка, што касмічны пірат – усе могуць стаць кандыдатамі, але ж прэзідэнтам ніколі ніхто не стане. Я гэта і меў на ўвазе. У сваю перадвыбарчую праграму я скампіляваў усё, што ў галаве было, нават не задумваючыся. Гэта я потым ужо даведаўся, што я “другасны”, “не смешны”. Але Беларусь не тая краіна, дзе можна нешта такое рабіць, і каб людзі гэта сапраўды ўспрынялі як гумар. Мяне вось што здзівіла. Большасць вырашыла, што я ўсё жыццё рыхтаваў гэты план, каб потым змагацца. Я ні з кім змагацца не збіраюся, я наагул музыка.

– Адкуль у беларусаў такое звышсур’ёзнае стаўленне да такіх відавочна гумарыстычных праектаў?

– Не магу сказаць, па-мойму, яны ўсе проста звар’яцелі ад сваёй сур’ёзнасці. Я пачытаў некаторыя рэсурсы, металёвыя, дзе мяне пясочаць за тое, што блазнам стаў. Проста бачу: сядзяць такія салонныя металісты… Трызненне! Метал – гэта амаль панк, проста з гард-рокам уперамешку, так заўжды было. А тут, бач, усе такія правільныя, гатычныя, з вышэйшай адукацыяй.

Фота ultramusic.comФота ultramusic.com– Нават “метал” у нас “акадэмічны”?

– Ён проста няправільны! Метал – гэта рок-н-рол у першую чаргу, экстрэмальная яго форма. І тут я зразумеў, чаму ў нас у першай і другой дэкадзе [ХХІ стагоддзя. – Заўв. “Белсату”.] не з’явілася нармалёвага металу. Бо нельга метал рабіць сур’ёзным. Гэта як бліны пячы – проста ад душы, каб самому спадабалася.

– “Балатаванне” – гэта частка музычнага вобразу ці грамадзянская пазіцыя?

– І тое, і другое. Бо з аднаго боку я зрабіў моцны PR, бо пра мяне ніколі не пісалі ў расейскай “Камсамолцы”. Як грамадзянін я не прыхільнік тых уладаў, якія ў нас цяпер, але ўжо даўно расчараваўся і ў тых людзях, якія пазіцыянуюць сябе як іх апаненты. Самае крыўднае, што і мяне ўспрынялі так, быццам я недзе атрымліваю грошы, у мяне нейкі сур’ёзны праект з грантавым фінансаваннем. Ды заедзьце да маёй хаты, паглядзіце на мае шкарпэткі ды зрабіце выснову пра мой бюджэт. Заўжды мяне звалі “бандэраўцам”, а тут стаў раптам ужо агентам беларускай ЦВК, падначаленым Лазавіка.

– Што за людзі вырашылі падтрымаць ідэю і далучыцца да вас у выбарчай гонцы?

– Мяне падтрымаў чалавек, якога падтрымліваў я падчас апошніх выбараў у мясцовыя саветы, – Ігар Случак. Частка гомельскіх анархістаў, што не тыпова, бо я сам правы цэнтрыст. Мяне вельмі падтрымалі знаёмыя ўкраінцы, усіх палітычных кірункаў, нават дапамагу пачалі прапаноўваць.

– Ці ёсць у вас досвед палітычнай дзейнасці?

– Калісьці даўно я спрабаваў у Гомлі стварыць сваю партыю – ЭТАПА (Экстрэмальнае творчае аб’яднанне Партыя аранжавых). Мы займаліся прыкладна тым жа, што і Партыя аматараў піва. Аранжавая акцыя – адносна старая канцэпцыя і мае на ўвазе нейкае несур’ёзнае дзеянне, сітуацыянізм. Напрыклад, мы неяк налілі шампуню ў фантан на цэнтральнай плошчы Гомлю. Але гэта быў 1996 год, часы, калі яшчэ можна было так жартаваць. Тады ж я ўпершыню каранаваў сябе як кароль Марсу, з афіцыйнаю каранацыяй, усё як трэба. Але не было тады інтэрнэту, таму не было такога рэзанансу.

– Ці была такая рэакцыя на папярэднія акцыі ўвогуле?

– Ніколі. Я так яшчэ і не вырашыў, як на гэта ўсё рэагаваць. Я нават заскрыніў “Беларускі партызан”, дзе побач стаялі два загалоўкі: “Вакаліст “Gods Tower” вырашыў быць прэзідэнтам” і цытата з Фядуты: “У беларусаў няма пачуцця гумару”. У гэтым уся існасць таго, што атрымалася.

– Можа, варта сапраўды з выбараў зрабіць простую забаўляльную імпрэзу?

– Дык цяпер так і ёсць. Выбары – гэта дзень, калі можна набыць піражкі ды алкаголь за меншыя кошты, паслухаць народную творчасць – вельмі добра бабулі спяваюць і дзеткі танчаць.

АР, belsat.eu

Стужка навінаў