Увага: страляюць!


Абаронцы жывёлінаў падалі ў міліцыю заяву паводле факту страляніны з пнеўматычнай зброі ў Савецкім раёне Менску. «Паляванне» невядомых скуралупаў на катоў і сабак становіцца ў Менску сістэматычным.

На тэрыторыі Савецкага раёну Менску неабыякавыя людзі падабралі параненага ката. Ветэрынары дасталі з цела жывёліны кулю, выпушчаную з пнеўматычнай вінтоўкі тыпу ІЖ. Куля прайшла пад хрыбтом і закранула яго, што выклікала параліч.

Заяўнікі лічаць, што дзеянні неўсталяванай асобы – небяспечнае для навакольных хуліганства, у якім відавочна праглядаюцца прыкметы правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 15.45 «Жорсткае абыходжанне з жывёлінамі» Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Міліцыю просяць правесці праверку выкладзенага ў заяве факту, усталяваць асобу правапарушальніка і прыцягнуць яго да адказнасці.

Паводле абаронцаў жывёлінаў, гэты выпадак – не адзіны, і ў Беларусі назіраецца цэлая «эпідэмія» здзеку з жывёлінаў. Са словаў менскага ветэрынара Грыгорыя Чэгадаева, да яго ў клініку прынамсі раз на два тыдні прыносяць параненую з пнеўматычнай зброі жывёліну.

МЛ, паводле mesto-pod-solncem.org

Стужка навінаў