Турфірмы прапаноўваюць бясплатныя паездкі, каб пераканаць, што ва Украіне бяспечна


Пачынаецца турыстычны сезон, а беларусы адмаўляюцца ад адпачынку ва Украіне. Турыстычныя кампаніі прапанавалі журналістам бясплатную паездку на адэскае ўзбярэжжа, каб апісаць, што насамрэч адбываецца ў суседзяў.

Фота Joao Leitao Фота Joao Leitao Нават сталыя кліенты адмаўляюцца ад украінскіх тураў

Гарадзенская турыстычная кампанія “Рыт тур” возіць турыстаў выключна на Украіну – у Затоку і Коблева. “Гэта найбольш даступны, бюджэтны варыянт”, – упэўнены дырэктар фірмы Аляксандр Рыбачак. Летась пуцёўкі на ўсё лета ў яго раскупілі да 20 траўня. Сёлета ж нават сталыя кліенты, якія ўжо замовілі туры, прыйшлі ды забралі грошы. “Усе занялі пазіцыю чакання, – тлумачыць Аляксандр Рыбачак. – Людзі баяцца і распавядаюць адно аднаму плёткі пра забойствы і рабаванні ва Украіне. Я нядаўна сам вярнуўся з Адэсы. Па дарозе я не бачыў ані бандытаў, ані “бандэраўцаў”.

Няхай журналісты пакажуць праўду

Фота Joao Leitao Фота Joao Leitao Ідэя прома-туру для прадстаўнікоў прэсы і турфірмаў з’явілася ў дырэктара менскай турыстычнае кампаніі “Казачны тур” Алега Русначэнкі. Ён імкнецца супакоіць народ і паказаць рэальную сітуацыю ва Украіне. “Мы прапаноўваем паехаць у Затоку і Коблева праз Майдан. А па вяртанні апісаць тое, што журналісты пабачаць на свае вочы, не трэба аніякіх перабольшванняў”, – кажа ён.

Паездка цалкам бясплатная. Ладзіцца яна з 15 да 18 красавіка. Дырэктары турфірмаў таксама запрошаныя, бо і яны неахвотна едуць ва Украіну сёлета. “Няхай самі ўпэўняцца, што там няма нічога страшнага, каб пасля ведалі, што прапаноўваюць сваім кліентам”, – кажа Алег Русначэнка.

У Адэсе журналісты і дырэктары турфірмаў сустрэнуцца з мясцовымі ўладамі, а таксама будуць мець час на ўласны адпачынак. “Калі вы не прыедзеце – мы банкруты, – пераказвае словы ўласнікаў курортаў Аляксандр Русначэнка. – Цяпер яны залежаць ад нас, а мы – ад вас”.

Фота ytimg.comФота ytimg.comА як жа Крым?

Чаму ж маршрут прома-туру не сягае да Крыму?

Сёлета тураператары ў Крым не паедуць. Даедзем да мяжы з Крымам, і там могуць пачацца праблемы – пэўна пачнуць правяраць пашпарты і палову турыстаў павернуць назад”, – мяркуе Аляксандр Рыбачак.

Іншы варыянт паехаць у Крым праз Гомель – Бранск – Варонеж – Растоў-на-Доне. Але ж гэта 2700 кіламетраў, ці тры содні паездкі з дзвюма начамі. На меркаванне спадара Аляксандра, такім шляхам ніхто не паедзе.

Але яны не губляюць надзеі, што, як толькі стабілізуецца сітуацыя ў Крыме, яны гатовыя будуць везці туды турыстаў.

Настасся Фрода, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары