Чэкісты супраць славянаў – КДБ бярэцца за «славянскую» «шостую калону»


Органы вар’яцеюць – замест таго, каб змагацца з «пятаю калонаю», яны ўзяліся за прыхільнікаў славянскага адзінства. Новы фельетон Максіма Чыгункі.

Цягам шматлікіх гадоў Камітэт дзяржаўнай бяспекі меў ясна акрэсленую мэту – змагацца з «пятаю калонаю», не занадта моцнаю беларускаю апазіцыяй, колькасць якой, паводле Лукашэнкі, – 400 асобаў, усе імёны і прозвішчы якіх вядомыя ўладам.

400 асобаў – нібы і няшмат, але гэта, мабыць, нейкія архінебяспечныя супермэны, «постаці родам з пекла» ці тытаны змагання, бо за гады колькасць КДБэшнікаў узрасла ў Беларусі ажно да 12 тыс. Выходзіць, на аднаго апазіцыянера – 30 змагароў-чэкістаў. Да гэтага яшчэ найбольшае ў Еўропе войска міліцыянтаў у суадносінах з колькасцю грамадзянаў і тайныя працаўнікі і даносчыкі.

Ого, вось дзе апазіцыянеры-волаты! Столькі людзей мусяць з імі змагацца, не дасыпаючы, не даядаючы, у знясіленні цягнучы сваю лямку.

Усе яны самаахвярна пасвяцілі сябе мужнай барацьбе з агентамі Захаду, якія толькі і мараць пра тое, каб разгайдаць беларускі човен на ўспененых хвалях сусветнай геапалітыкі ды аддаць палову Беларусі, каб мяжа праходзіла пад Менскам. Але толькі да пэўнага часу.

«Славяне мочаць славянаў»



Мэта – ясная, метады – правераныя, рукі – чыстыя, галава – цвярозая ды палымянае сэрца – такі наш КДБ. І раптам, некалькі дзён таму, старшыня нядаўна створанай партыі «Беларускі славянскі камітэт» Сяргей Касцян напісаў «таварышу прэзідэнту» драматычны ліст. Калі ягоная арганізацыя, што шматлікія гады не шкадавала сілаў дзеля яднання брацкіх славянскіх народаў, прыняла рашэнне трансфармавацца ў палітычную партыю, раптам да яе сябраў, пералічаных у дакументах, пададзеных у Міністэрства юстыцыі, прыйшлі «сумныя таварышы ў брыдкіх куртках». Спадары хацелі высветліць, ці тыя людзі – сапраўды сябры партыі.

Апроч гэтага, актывістаў славянскага яднання пачалі запалохваць, а некаторых нават звольнілі з працы і выключылі з універсітэтаў.

Ну, што ж, «Славянскі камітэт» выбраў не найлепшы тэрмін, каб абвесціць сябе партыяй – гэта адбылося акурат напярэдадні знакамітага крымскага рэферэндуму, які, як мы ведаем, вельмі эфектыўна аб’яднаў славянскае насельніцтва Крыму з яшчэ больш славянскім народам Расеі. Нічога страшнага, што Крым раз’ядналі са славянскім народам Украіны – расейцы, пэўна, і так бы перамаглі ўкраінцаў у тэстах на славянскасць.

Улады Беларусі, аднак, верагодна, палічылі, што на палітычнай мапе краіны «Славянскага камітэту» не трэба. Зашмат братэрства можа зашкодзіць здароўю. «Славяне» ж вырашылі, што гэта правакацыя таямнічых сілаў – можа быць, нават «пятай калоны».

«Разбярыцеся найстражэйшым чынам, Аляксандр Рыгоравіч, каму патрэбны раскол у нашым грамадстве і хто яго зарганізаваў», – звярнуўся да Лукашэнкі спадар Касцян, які раней быў дэпутатам ад камуністычнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў. На ягоную думку, усё гэта – правакацыя перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Беларускія ж «славяне» ўсім сэрцам хочуць падтрымаць дзейнага прэзідэнта.

Можа, і так, чаму б бескарысліва не падтрымаць некага з дабраты душэўнай? Аднак, падтрымліваючы славянскае адзінства, актывісты бадай праміргалі, як на прыкладзе Крыму Расея даводзіць, што найлепшае яднанне – гэта па кавалку. Яднанне з Беларуссю яна, напрыклад, магла б распачаць са Шклоўшчыны – малой радзімы «таварыша прэзідэнта».

Максім Чыгунка, belsat.eu

Стужка навінаў