Палохае, што людзі пагаджаюцца рабіць усё, што скажуць. Нават забіць


https://youtu.be/-CJv3Bj2XIQ
Сёння зранку Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю і даў першае інтэрв’ю на беларускай мове.

«Я больш за ўсё хваляваўся за сваю сям’ю, бо ім дасталася ў некалькі разоў больш, чым мне. Мая жонка ніколі ні ў кога нічога не папрасіла. І пра гэта было цяжка думаць, што няма каму дапамагчы тваёй сям’і», – кажа Мікола Аўтуховіч.

{movie}Першае інтэрв’ю Міколы Аўтуховіча на беларускай мове|right|15773{/movie}

Палітвязень пачаў вучыць беларускую мову і вынес з турмы торбу кніг: «Можа, я і не вывучыў беларускай мовы, але іду да гэтага. Чаму вырашыў вывучыць? Я сачу за падзеямі ў краіне, я бачу, як людзі імкнуцца, і я таксама цягнуся да таго, каб гэта была наша мова».

Паводле палітвязня, у яго шмат праблемаў са здароўем: «Крыху рука адымаецца, са страўнікам нешта, галава баліць, зубы. Пакуль не ведаю, што. Цэлы дзень ездзіў па дактарах. Наступстваў ускрыцця жывата няма. Такім учынкам адстойваў сваю годнасць. Калі чалавек хоча застацца чалавекам і нічога іншага не застаецца. Спачатку галадаў, а пасля пайшоў на такія меры. У турме па-іншаму цябе не пачуюць, яны такога баяцца».

«Ёсць больш жудасныя ўмовы, чым у Беларусі. Больш палохае, што людзі згодныя рабіць тое, што скажуць. Нават забіць чалавека, і мала хто адмовіцца ад такога», – гаворыць былы зняволены.

Мікола Аўтуховіч збіраецца займацца грамадскаю дзейнасцю: «Мне больш нічым не даюць займацца. Бізнесам займацца немагчыма. Трэба махляваць, каб быў заробак, шчыра немагчыма працаваць. Буду працягваць грамадскую дзейнасць. У нас калі грамадская дзейнасць перасякаецца з палітыкай, ты становішся палітыкам. У нас палітыка ўсё, што супраць улады».

Больш – у відэаматэрыяле.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары