Расея рыхтуецца да другога этапу акупацыі Украіны


Паводле МЗС Украіны, для правакацыяў ды абвастрэння сітуацыі на ўсходзе і поўдні краіны прыцягваюць групоўкі, якімі кіруюць расейскія спецслужбы.

«Дыверсійная праца суправаджаецца маштабнаю прапагандысцкаю кампаніяй, якая цынічна скажае факты, выкарыстоўвае шантаж і пагрозы, распаўсюджвае адкрытую хлусню і мае на мэце апраўдаць умяшанне ва ўнутраныя справы Украіны», – падкрэсліваюць у міністэрстве.

У прыватнасці, МЗС Украіны прыводзіць прыклад з распаўсюджваннем хлуслівай інфармацыі аб прыцягненні амерыканскага спецназу для здушэння сепаратысцкіх мітынгаў.

З заяваю выступіў і Дзяржаўны дэпартамент ЗША. Паводле прэс-сакратара амерыканскага ведамства Джэніфэр Сакі (Jennifer Psaki), закалоты ў Данецкай, Харкаўскай і Луганскай вобласцях Украіны зладзілі не мясцовыя жыхары, а найміты з Расеі.

Украіна гатовая да міжнароднага ўрэгулявання дыялогу і патрабуе ад Расеі неадкладна спыніць умяшанне ва ўнутраныя справы краіны. Тым часам брытанскія эксперты пралічылі чатыры сцэнары ўварвання Расеі ва Украіну.

МЗС Расейскай Федэрацыі заявіла, што Крэмль гатовы да перамоваў аб украінскім пытанні ў фармаце Расея–ЕЗ–ЗША. Сяргей Лаўроў дадаў, што расейскі бок настойвае на прысутнасці прадстаўнікоў з усходу і поўдня краіны, дзе мелі месца закалоты. Перамовы могуць адбыцца ўжо на наступным тыдні.

ДР, belsat.eu паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў