40 % беларускіх школьнікаў не ўмеюць плаваць


Адмыслоўцы наўпрост звязваюць гэта з нястачаю басейнаў.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Другому нацыянальнаму фестывалю плавання «Залатая рыбка» на прызы Аляксандры Герасімені, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру фізічнага выхавання Валянціна Баляба распавяла, што ў школах працуе ўсяго 61 басейн стандартных памераў і 35 міні-басейнаў. У той жа час ва ўласнасці розных арганізацыяў – 963 басейны.

Фестываль «Залатая рыбка» праводзіцца для вучняў 3–4-х класаў і сямейных камандаў. Фармат яго правядзення ў некаторых рэгіёнах выклікае занепакоенасць ініцыятаркі – Аляксандры Герасімені: «Ненармальна, калі ў сямейнай камандзе маці – з адной сям’і, бацька – з іншай, а дзіця – з трэцяй. Навошта праводзіць спаборніцтвы для “галачкі”? Вельмі не хочацца, каб фестываль ператвараўся ва ўра-патрыятычную, несапраўдную акцыю. Дырэктывы не дададуць яму папулярнасці”, – заявіла спартоўка.

Заснавальнікі фестывалю, акрамя Цэнтру фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, – Федэрацыя плавання і Міністэрства адукацыі.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў