У аўторак зранку ў Харкаве міліцэйскі спецназ правёў антытэрарыстычную аперацыю. Пад арыштам апынуліся каля 70 прарасейскіх актывістаў, у некаторых з іх выявілі халодную і агнявую зброю. Аперацыя адбывалася без стрэлаў – паведамляе ўкраінскае МУС.
{movie}Арышты ў Харкаве|right|15770{/movie}
Каардынаваў аперацыю асабіста цяперашні міністр унутраных справаў Арсэн Авакаў. «Сепаратыстам і правакатарам – жорсткае рэагаванне, як я і пісаў раней, будзе непазбежным. Кожнаму сваё. Кожны абірае. Мы – новая каманда, што прыйшла ў МУС – абіраем стаяць на абароне цэласнасці ды незалежнасці Украіны», – напісаў у сацыяльных сетках міністр.
Пры гэтым кіраўнік МУС абвінаваціў шэраг харкаўскіх міліцыянтаў у сабатажы.
У Данецку, дзе сепаратысты абвесцілі незалежную дзяржаву і папрасілі вайсковай дапамогі ў Расеі, штурму не было. Да мяцежнікаў у захоплены будынак абласной рады прыйшоў алігарх Рынат Ахметаў і паспрабаваў развязаць канфліктную сітуацыю без сілавога супрацьстаяння.
У выніку камітэт патрыятычных сілаў Данбасу, што ўчора абвесціў пра стварэнне Данецкай Народнай Рэспублікі, сёння заявіў, што скасоўвае гэтае рашэнне ў сувязі з «вялікаю колькасцю зваротаў грамадзянаў з заявамі аб іхнай нязгодзе з утварэннем ДНР».
Раней у будынку Рады былі праваахоўнікі, якія меліся не дапусціць марадзёрства і вандалізму. Сёння там застаюцца толькі сепаратысты. Не выключана, што калі бліжэйшым часам яны не вызваляць памяшканняў, у Данецку адбудзецца «харкаўскі сцэнар» з арыштамі ды разгонам мяцежнікаў.
У цэнтры Нікалаева ўчора ўвечары сабраліся два мітынгі: прыхільнікаў апошніх зменаў ва Украіне ды па-прарасейску настаўленых грамадзянаў. Уначы актывісты нікалаеўскага Майдану разагналі прарасейскі мітынг і разграмілі намётавае мястэчка. Мясцовыя міліцыянты практычна не ўмешваліся – сілавікі толькі збіралі пакінутыя прарасейскімі актывістамі бейсбольныя біты, дручкі ды нажы. Знайшлі тры пісталеты.
{movie}Актывісты Майдану разганяюць лагер сепаратыстаў|right|15771{/movie}
У выніку сутыкненняў пацярпелі 15 асобаў, 23 удзельнікі бойкі затрыманыя.
Фота LB.uaСепаратысты ў Луганску дагэтуль утрымліваюць кантроль над захопленым учора будынкам Службы бяспекі Украіны. Вядома, што пратэстоўцы атрымалі доступ у памяшканне са зброяй.
Цяпер вакол будынка СБУ стаяць барыкады, сепаратысты маюць намер «склікаць парламент Луганскай рэспублікі».
Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Сяргей Пашынскі заявіў, што калі захопленыя будынкі не будуць вызваленыя найбліжэйшым часам, сілавікі развяжуць сітуацыю згодна з законам аб барацьбе супраць тэрарызму.
МЛ, belsat.eu