Палітвязень Мікола Аўтуховіч - на волі! (Абноўлена, дадалося відэаінтэрв'ю)


Ветэрана афганскае кампаніі, прадпрымальніка і грамадскага дзеяча з Ваўкавыску Міколу Аўтуховіча вызвалілі з Гарадзенскай турмы сёння – 8 красавіка. Сустрэць яго прыехалі блізкія, сябры і знаёмыя з розных куткоў Беларусі. Сярод іх маці Лідзія Юльянаўна, лідар Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, былы палітвязень Павел Севярынец, рэжысёр-дакументаліст Вольга Мікалайчык, грамадская актывістка Юлія Сцяпанава.

{movie}Мікола Аўтуховіч на волі (Поўнае відэа + інтэрв’ю)|right|15765{/movie}
{movie}Мікола Аўтуховіч – на волі! (Першае відэа, belsat.eu)|right|15768{/movie}


{movie}Мікола Аўтуховіч: буду жыць пад наглядам (Відэа belsat.eu)|right|15767{/movie}
08:00 Мікола Аўтуховіч выйшаў на волю. У яго праблемы з рукою, якая адымаецца. Палітвязень сказаў, што 1 год і 4 месяцы будзе жыць пад наглядам: нельга выязжаць з горада і ад 22:00 да 6:00 трэба знаходзіцца дома. Паводле Міколы Аўтуховіча, пра эміграцыю ён не задумваецца. Пакуль.


07:45 З турэмнай брамы выехаў аўтазак.
03:45 Як распавёў “Белсату” грамадскі актывіст Вадзім Цярлецкі, пасля вызвалення Мікалай Аўтуховіч плануе спачатку здаць аналізы і наведаць лекараў (хірурга, кардыёлага), а затым разам з роднымі зрабіць закупы на рынку “Паўднёвы”.


Аўтуховіч быў зняволены першы раз ў ліпені 2006 года на 3,5 гады з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў і ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі ды атрымання ліцэнзіі. Да спагнання прызначылі суму, большую за Br 350 млн. Сканфіскавалі 13 таксовак, кватэру і два склады. Але яму пакінулі дом, аўтабазу, некалькі таксовак і асобны будынак. З траўня 2002 года Аўтуховіч меў у Ваўкавыску свой бізнес – радыётаксі «Пяць двоек».

Аўтуховіча асудзілі ў траўні 2010 года за незаконнае захоўванне паляўнічай зброі ды пяці патронаў на 5 гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Да тэрміну дадалі яшчэ два месяцы праз тое, што не прайшло двух месяцаў пасля папярэдняга пакарання.

Бізнесовец не прызнаў сваёй віны. Ён мяркуе, што яго пераследуюць за адкрытае супрацьстаянне карупцыі.

Першапачаткова Аўтуховіч сядзеў у Івацэвіцкай папраўчай калоніі № 5 у Берасцейскай вобласці, а на пачатку 2012 года яго перавялі ў Гарадзенскую турму.



Летась у верасні з’явіліся чуткі, што Аўтуховіч ускрыў сабе жывот нажом на знак пратэсту за падоўжанае спагнанне – прычынаю стала адсутнасць на спальным месцы пасля адбою. Кіраўніцтва турмы не пацвердзіла і не абвергла гэтай інфармацыі.

А ў кастрычніку ад зняволенага прыйшоў «Ліст з пекла», у якім ён падрабязна апісаў тое, з чым сутыкнуўся ў беларускіх вязніцах.

Здароўе вязня сур’ёзна падарвалася падчас турэмнага зняволення праз серыю доўгіх галадовак і недахоп неабходнай медычнай дапамогі. За 2 тыдні да вызвалення Міколы Аўтуховіча колішні начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Нямеччыне, абвесціў праз «Фэйсбук» збор сродкаў для лекавання зняволенага.

Арганізацыя «Amnesty International» прызнала Міколу Аўтуховіча вязнем сумлення падчас першага судовага працэсу. У другім працэсе аб палітычнай скіраванасці пераследу заявілі праваабаронцы цэнтру «Вясна», «Беларускі хельсінкскі камітэт» і грамадскасць. У 2010 годзе Мікола Аўтуховіч трапіў у складзены «Freedom House» спіс пятнаццаці найбольш вядомых у свеце палітвязняў.

У снежні Мікалаю Аўтуховічу споўнілася 50 гадоў, з іх дзевяць ён правёў у турмах. У Ваўкавыску яго чакаюць маці, жонка і дачка.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў