STARавіны. Даўнейшыя гаспадары куплялі жнівяркі з Амерыкі


Мы ганарымся нашаю сённяшняю сельскаю гаспадаркаю, а як было 100 гадоў таму? Пра гэта можна пачытаць у тагачасных газетах.



На пачатку ХХ ст. штучныя ўгнаенні зямлі былі навінкаю. І, каб пашырыць іх распаўсюджванне, газеты давалі рэкламу. «Могилёвский вестник» у лютым 1913 года заклікаў купляць «угнаенне зямлі з паравога фасфарытнага прадпрыемства М. Васільева, ст. Сешчынская Р(ыжска).-Арлоўскай чыгункі. Павышае ўраджайнасць ад 45 да 80 пудоў з дзесяціны і дзейнічае 3 гады» (№ 24. – С.4). Менскі сельскагаспадарчы сіндыкат прапаноўваў угнаенні з гарантыяй: суперфасфат, чылійскую і нарвежскую салетру, сельскагаспадарчы гіпс («Nad Swislocza» (Менск), 1914. – 03). «Фасфарытная мука, – угаворвала аб’ява ў «Могилевском вестнике», – незаменнае ўгнаенне земляў: падзолістай, тарфяной, цяжкай, кіслай» (№ 129, с. 4).

Турбаваліся пра забеспячэнне сельскагаспадарчаю тэхнікаю. Таварыства «Серп» у Менску прапаноўвала жнівяркі, вязалкі, касяркі «Ідэал» Дырынга з Чыкага, лакамабілі ды паравыя млячарні старой англійскай фабрыкі «Клэйтан-Шутлеворх» з Лінкальну, знакамітыя шведскія цэнтрыфугі Даля для малака. Менскі сельска-гаспадарчы сіндыкат прапаноўваў на вясенні сезон набыць плугі вядомай краёвай фабрыкі Яна Звадскага і кампаніі, сеўнікі чэшскай фабрыкі Яна Прахнэра («Nad Swislocza», 1914. 05).

Гарадзенскае сельскагаспадарчае таварыства дапамагала ўладальнікам зямлі набыць добрую сельскагаспадарчую тэхніку, земляробчыя машыны, прылады працы фабрык найноўшай сістэмы «за самыя нізкія кошты і на выгадных умовах» («Наше утро», № 164, с. 1).

Укаранялася меліярацыя (не бальшавікі прыдумалі!). Гэтак, напрыклад, Менскае губернскае земства задумала правесці меліярацыю балотнай прасторы і хадайнічала перад урадам аб хутчэйшай падрыхтоўцы юрыдычнай базы, правядзенні за казённы разлік магістральных каналаў, перадачы земляў, дзе меліся з’явіцца каналы, у дзяржаўную маёмасць (МВ, 1913 20.04 (3.05).

У лістападзе 1913 года газета прыводзіла вынікі асушальных працаў на Палессі ды на казённых лецішчах Менскай губерні: да 1 студзеня 1911 года ўладкавалі 3410 вёрстаў каналаў, што павялічыла сплаў лесу па каналах, спрыяла росту дрэваў лепшых пародаў на лецішчах, вывазу большай колькасці дрэва, а таксама забяспечвала сумежныя тэрыторыі ад забалочвання і палепшыла якасць сенажацяў каля каналаў. (МВ, № 249, с. 3).

Удзялялася вялікая ўвага агранамічнай працы. Пры губернскіх земствах ствараліся даследча-паказальныя палі. Агранамічная нарада 1–3 лістапада 1913 года прыняла пастанову аб арганізаванні даследчай станцыі для тэрыторыяў з пясчанымі глебамі ў заходняй частцы Арлоўскай, паўночнай – Чарнігаўскай і паўднёвай – Магілёўскай губерняў. Асобна вырашылі стварыць станцыю для паўночнай часткі Магілёўскай губерні, дзе пераважаюць падзолістыя суглінкі (МВ, № 243, с. 3).

Важную ролю граў добры насенны фонд, а таму ў газетах можна сустрэць шмат абвестак пра продаж насення. Напрыклад, Менскі сельскагаспадарчы сіндыкат прапаноўваў у вясенні сезон купіць насенне гарантаванай якасці: канюшыны, лубіны, сырадэлі, лугавых зёлак і гародных раслінаў («Nad Swislocza», 1914. 03). Маскоўскі купец А.Б. Маер гандляваў насеннем агародных, сельскагаспадарчых культураў, кветак «найлепшай якасці і даследаванай усходжасці». (МВ, № 276, с. 4).

Гэткім чынам, як бачыце, усё новае – гэта даўно забытае старое.

Вячаслаў Швед, для belsat.eu

Стужка навінаў