Патрабаванні луганскіх баевікоў амаль такія, як у Расеі


Луганскія байцы «арміі Паўднёвага Усходу» патрабуюць адмены прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 25 траўня, рэферэндуму аб федэралізацыі ды вызвалення «палітвязняў».

Пра гэта заявіў дэпутат Вярхоўнай Рады ад Луганскай вобласці Уладзімір Мядзянік.

Паводле Мядзяніка, які пабыў у будынку захопленай Службы бяспекі Украіны, захопнікі патрабуюць склікання сесіі Луганскага аблсавету, рэферэндуму аб федэралізацыі на 10–11 траўня, адмены прэзідэнцкіх выбараў.

Таксама ўзброеныя баевікі «арміі Паўднёвага Усходу», як самі сябе называюць, хочуць вызвалення іхных арыштаваных калегаў, рэабілітацыі службоўцаў унутраных войскаў, беркутаўцаў і байцоў «Альфы», якія бралі ўдзел у задушэнні Еўрамайдану.

Захопнікі патрабуюць, каб уся ўлада на месцах перайшла аблсавету (уключна з кантролем над сілавікамі).

6 красавіка ў Луганску ўзброеныя баевікі захапілі будынак упраўлення СБУ.



Раней Расея выставіла Украіне шэраг патрабаванняў, пасля выканання якіх абяцала прызнаць новыя ўкраінскія ўлады. Сярод іх асаблівая ўвага адводзілася федэралізацыі, адмове ад прэзідэнцкіх выбараў.

Дзярждума РФ патрабавала вызваліць «палітвязняў», да якіх яна аднесла арыштаваных ва Украіне расейскіх сепаратыстаў.

МЯ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў