«Чарнобыльскі шлях» будзе з «новым напаўненнем». Яго хочуць павесці ў Курапаты


Аргкамітэт правядзення «Чарнобыльскага шляху» сёлета вырашыў змяніць «фармат і ідэйнае напаўненне» традыцыйнай акцыі, паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Мы зыходзім з таго, што сёння стаіць пытанне аб выжыванні беларускай нацыі, што такія найвялікшыя трагедыі, як катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і знішчэнне беларусаў у Курапатах, не варта разглядаць па адным», – сказаў лідар партыі.

У сувязі з гэтым 7 красавіка аргкамітэт прыняў рашэнне падаць у Менгарвыканкам заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства ў наступным фармаце: збор удзельнікаў 26 красавіка а 12.00 каля кінатэатру «Кастрычнік», шэсце па вуліцах Багдана Хмяльніцкага, Якуба Коласа, Лагойскім тракце да ўрочышча Курапаты, дзе а 15:00 мае пачацца мітынг.

Мерапрыемства вырашылі правесці пад лозунгам абароны Беларусі ад ядравай небяспекі з боку Расеі. «Гэтая пагроза зыходзіць і ад будаўніцтва па расейскім праекце АЭС, і ад магчымага размяшчэння ядравай зброі на расейскіх самалётах, якія знаходзяцца ў Беларусі», – патлумачыў палітык.

Заяўку на правядзенне «Чарнобыльскага шляху» пададуць у гарвыканкам 9 красавіка. Яе плануюць падпісаць Аляксей Янукевіч, лідар аргкамітэту стварэння грамадскага аб’яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» Марына Хоміч, член прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч і актывіст руху салідарнасці «Разам» Ілля Дабратвор.

«Чарнобыльскі шлях» – вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое заканчваецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў