Затрымалі расейскага сяржанта, які забіў украінскага афіцэра


Малодшага сяржанта Чарнаморскага флоту Расейскай федэрацыі А. Зайцава, які з аўтамата ў вайсковым інтэрнаце ў Крыме расстраляў маёра-ўкраінца Станіслава Карачэўскага, затрымаў Следчы камітэт Расеі. Ва украінскага афіцэра засталося двое дзяцей.



Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў Аляксандр Размазнін, намеснік начальніка Галоўнага каманднага цэнтру Узброеных сілаў Украіны.

У сваю чаргу Размазнін інфармацыю аб затрыманні падазраванага ў злачынстве атрымаў ад калегаў забітага ўкраінскага афіцэра, якія служаць у вайсковым гарнізоне ў Новафёдараўцы.

«Малодшы сяржант расейскіх Узброеных сілаў перавёў сітуацыю ў гарачы канфлікт. Рэагаванне будзе адназначнае, ніхто не будзе стаяць у баку, тым больш, гэта не першы выпадак», – паведаміў журналістам Размазнін, адзначыўшы, што кантроль над справаю будуць ажыццяўляць не толькі Мінабароны Украіны і Генштаб, але і Міністэрства замежных справаў.

Пра забойства ўкраінскага афіцэра напісаў у «Фэйсбуку» сёння раніцаю кіраўнік цэнтру ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук. «…У паселішчы гарадскога тыпу Навафёдараўка а 23.45 двума стрэламі ва ўпор расейскі вайсковец малодшы сяржант А. С. Зайцаў у сваім пакоі ў афіцэрскім інтэрнаце застрэліў вайскоўца в/ч1100 маёра К., які рыхтаваўся да выезду на мацярык».

Паводле Тымчука, расейцы збілі таксама яшчэ аднаго афіцэра, які прысутнічаў у пакоі.



МЯ, belsat.eu, паводле uapress.info

Стужка навінаў