Лідар моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду!» – «Zмены» – Павел Вінаградаў 7 красавіка выйшаў на волю з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пасля 25-дзённага арышту.
Паводле меркавання Вінаградава, асудзіўшы яго на 25 содняў, прадстаўнікі ўлады далі зразумець, што яны незадаволеныя ягонымі паводзінамі. «Хоць я з вялікім задавальненнем выслухаў бы іхныя заўвагі пры звычайнай сустрэчы», – дадаў ён.
Павел Вінаградаў таксама выказаў думку, што ўлады прадоўжаць пераслед апазіцыйных актывістаў перад і падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Менску 9–25 траўня: «Я паспрабую на гэты час з’ехаць з Менску ў іншы горад».
Лідара «Zмены» з паплечнікам Аляксандрам Арцыбашавым затрымалі ў Менску 13 сакавіка. Арцыбашаў прыехаў аўтам да будынку міліцэйскай інспекцыі, куды былы палітзняволены Вінаградаў прыходзіў адзначацца. На выхадзе з інспекцыі Вінаградава затрымалі, крыху пазней працаўнікі ДАІ затрымалі і Арцыбашава.
14 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску прызнаў Вінаградава вінаватым паводле двух артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях – дробнае хуліганства і супраціўленне працаўніку міліцыі.
МЛ, паводле БелаПАН