Пуцін схлусіў Мэркель


Расея рэалізоўвае план уварвання ва Украіну, заяўляе украінскі прэм’ер.

«Я хацеў бы звярнуцца найперш да ўсіх жыхароў усходніх вобласцяў Украіны. Усім цалкам зразумела, што ідзе рэалізацыя антыўкраінскага, антыданецкага, антылуганскага і антыхаркаўскага плану. Плану дэстабілізацыі сітуацыі, плану спробы іншаземнымі войскамі мінуць мяжу і захапіць тэрыторыю краіны, чаго мы не дапусцім», – заявіў украінскі прэм’ер Аресній Яцэнюк сёння, 7 красавіка.

Палітык выказаў спадзяванні, што жыхары гэтых рэгіёнаў хочуць жыць у адзінай Украіне. Учора, 6 красавіка, у Данецку, Харкаве і Луганску сепаратысты захапілі будынкі адміністрацыі ды сілавых структураў. Сепаратысты патрабуюць незалежнасці і выхаду са складу Украіны.

Нагадаем, што раней падчас тэлефоннай размовы канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель з Уладзімірам Пуціным кіраўнік Расеі заявіў, што расейскія войскі ўжо пакідаюць зону непасрэднай блізасці з украінскаю мяжою. Аднак прадстаўнікі ні НАТО, ні Міністэрства абароны Украіны пакуль не заўважылі перадыслакацыяў.

На думку былога прэзідэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, захоп будынкаў і хлусня Пуціна сведчаць пра рэалізацыю плану Масквы напасці на Украіну.

ЮВ паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў