Украіна: сепаратысты ў Луганску захапілі зброю, у Данецку – гавораць пра аўтаномную рэспубліку


Сепаратысты ва Усходняй Украіне захапілі будынкі Службы бяспекі ў Данецку, Луганску. Адказнасць за захопы бярэ на сябе «Народнае апалчэнне Данбасу». Міліцыі ў Харкаве ўдалося адбіць у сепаратыстаў будынак абласной адміністрацыі.

Чаго хочуць сепаратысты?

{movie}Сепаратысты ў будынку Рады Данецку|right|15738{/movie}

У нядзелю ў Данецку прадстаўнік сепаратыстаў, якія захапілі будынак мясцовай рады, заявіў журналістам, што пратэстоўцы патрабуюць правядзення рэферэндуму з наступнымі пытанні: «Ці вы згодныя з уваходжаннем Данецкай рэспублікі ў склад новаўтворанай федэратыўнай Украіны на правах суб’екту федэрацыі? Ці згодныя вы на ўваход Данецкай рэспублікі ў склад Расейскай Федэрацыі на правах суб’екту федэрацыі?» Пры гэтым захопнікі, што забарыкадаваліся ў будынку, вывесілі расейскія сцягі.

Частка сепаратыстаў называе «Наваросіяй» шэраг рэгіёнаў Украіны, у тым ліку Днепрапятроўск, Данецк, Запарожжа, Луганск, Адэсу, Харкаў і Херсон.

{movie}Зварот сепаратыстаў у Луганску|right|15742{/movie}

Украінскія медыі паведамляюць, што ў Луганску пратэстоўцы атрымалі доступ да памяшкання СБУ, дзе захоўвалася зброя.

Міністр унутраных справаў: агрэсіўнасць зашкальвае

Адміністрацыйныя будынкі ў Луганску і Данецку па-ранейшаму застаюцца пад кантролем сепаратыстаў. Захопнікаў няшмат, яны забарыкадаваліся ў будынках, праз сацыяльныя сеткі іхныя прыхільнікі заклікаюць далучыцца да супрацьстаяння.

Міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў вінаваціць у закалотах Расею і зрынутага прэзідэнта. «Пуцін і Януковіч замовілі ды аплацілі чарговы віток сепаратысцкіх закалотаў на ўсходзе краіны – Луганск, Данецк, Харкаў. Людзей сабралі няшмат, але агрэсіўнасць зашкальвае. У Данецку ў натоўп тых, хто штурмаваў, завялі шмат дзяцей і жанчын. Правакуюць пераход канфлікту на кроў і ахвяры», – піша ён у сацыяльных сетках.

Кіраўнік міністэрства падкрэслівае, што МУС мае намер мірным шляхам урэгуляваць сітуацыю: «МУС не будзе страляць у людзей».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў