У Кіеве правялі акцыю салідарнасці з затрыманым у Расеі актывістам-беларусам з Майдану


Ва ўкраінскай сталіцы прайшоў марш салідарнасці з затрыманым у Расеі беларускім анархістам Дзмітрыем Рэзановічам.

Як паведамляе сайт беларускага анархісцкага руху «Abc-belarus.org», акцыя пачалася 5 красавіка з кароткага мітынгу каля амбасады Расеі і скончылася каля амбасады Беларусі. У маршы ўзялі ўдзел больш за 50 чалавек. «На жаль, шмат актывістаў праігнаравала яе. Акцыя прайшла без інфармавання органаў улады і атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства, магчыма, таму ўдзельнікаў было не так шмат», – адзначаецца ў паведамленні.

Гэта ўжо не першая публічная акцыя салідарнасці з Рэзановічам у Кіеве. 1 красавіка анархісты распаўсюджвалі інфармацыю пра свайго затрыманага таварыша на Майдане. Сам Рэзановіч таксама быў удзельнікам Майдану.

Маскоўскія антырасісты зрабілі графіці на падтрыманне Рэзановіча.

rxaawBitqmo

24-гадовага жыхара Гомля Дзмітрыя Рэзановіча затрымалі ноччу 14 сакавіка пры спробе мінуць украінска-расейскую мяжу з чужым пашпартам – ехаў з Кіева ў Курск да сваякоў праз Маскву. У Рэзановіча быў пашпарт брата, свайго ён не меў. Расейскія памежнікі перадалі парушальніка прадстаўнікам расейскага ФСБ, якія канваявалі яго ў Курск.

«На гэты момант супраць Дзмітрыя распачалі адміністратыўную справу за парушэнне правілаў перабывання на тэрыторыі РФ. Паколькі ў Дзмітрыя не было пашпарта, на яго накіравалі запыт у Беларусь з мэтаю высвятлення асобы», – паведамляе сайт анархістаў.

Ёсць інфармацыя, што Рэзановіч цяпер у Цэнтры ўтрымання замежных грамадзянаў у Курскай вобласці. Адтуль яго мусяць дэпартаваць на радзіму пасля атрымання з Беларусі дакументаў, якія пацвярджаюць ягоную асобу.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары