Матацыклісты нагадалі ў Магілёве: Жыццё байкера - гэта не байка


Стыль жыцця, хобі ці нават хвароба, але дакладна не толькі сродак транспарту – гэтак матацыклісты кажуць пра сваіх “двухколавых сяброў”. Якіх пасля зімы вывезлі з гаражоў, каб распачаць мотасезон. Некалькі соцень матацыклістаў вялікаю калонаю праехалі па Магілёве, каб нагадаць: жыццё байкера – гэта далёка не байка.



Сталіцаю адрэналіну, хуткасці і рызыкі стаўся сёння горад на Дняпры. Менавіта ў Магілёў прыехалі распачаць мотасезон тыя, хто лепш за іншых ведае, што такое экстрым.

{movie}Мотасезон — на старт!|right|15728{/movie}

ІГАР КУДЗІН, АРГАНІЗАТАР ІМПРЭЗЫ:

“Рух – гэта маё жыццё, мы як адна сям’я, я люблю калектыўнасць. Таму гэта маё хобі. Мая хвароба”.

Але важна, каб, акрамя прагі экстрыму, была яшчэ і прага бяспекі.

КАНСТАНЦІН ДЗЯРКАЧ, БАЙКЕР:

“Штогод з адкрыццём сезону мы праводзім акцыю “Увага: матацыкліст!”. Матацыклы выязджаюць на дарогі. Матацыклы меншыя, матацыклы больш манеўравая. Звяртаем увагу кіроўцаў на тое, што выехалі двухколавыя браты”.

А перад тым, як выехаць на сённяшні рэйд, байкеры атрымалі добраслаўленне ў дарогу.

Таксама таму сённяшняя імпрэза – гэта не толькі свята, а яшчэ і нагода ўшанаваць тых, хто на гэтай самай дарозе паклаў уласнае жыццё. Сярод іх узгадаць памерлага тут 2 гады таму матацыкліста. Віноўным у аварыі яго прызналі, паводле сваякоў і сяброў, несправядліва.

ЛЮДМІЛА БАТЛОВА, МАЦІ ЗАГІНУЛАГА:

“Робяць вінаватым майго сына. Бо, напэўна, вось ён – байкер”.

ДЗМІТРЫЙ, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ:

“Там ясна было, што цяжкавік перасёк сустрэчную паласу і не прапусціў матацыкліста”.

Але паводле звестак ДАІ, летась з удзелам мотатранспарту адбылося больш за 400 аварыяў, у якіх загінулі 52 асобы. І большасць з гэтых выпадкаў адбылася з віны матацыклістаў. І гэта таксама стварае стэрэатып байкера – парушальніка дарожна-транспартавага руху. Што не заўсёды слушна, кажуць арганізатары імпрэзы.

ІГАР КУДЗІН, АРГАНІЗАТАР ІМПРЭЗЫ:

“Ёсць розныя людзі: хтосьці ездзіць спакойна, хтосьці – не. Мы маторныя матацыклісты, мы ездзім спакойна. Акуратна”.



Але, нягледзячы і на гэта, калі матацыкліст бачыць на дарозе аўта, ён сам будзе заўважаны не заўсёды, дзеляцца досведам байкеры. Таму згадваюць і яшчэ адно правіла, пра якое некаторыя часта забываюць.

КАНСТАНЦІН КАВАЛЁЎ, КАМПАНІЯ «ЗА БЛІЖНЯЕ СВЯТЛО»:

“Рэч у тым, што матацыклісты абавязаныя ездзіць з бліжнім святлом, уключаным святлом фараў. Але для таго, каб павысіць эфектыўнасць гэтай захады, трэба каб аўтамабілісты таксама ўключылі бліжняе святло фараў”.



А як з фарамі ці без іх бачаць сітуацыю на дарогах кіроўцы? І што думаюць пра матацыклістаў?

АЎТАМАБІЛІСТЫ:

“Калі граматны кіроўца, чаму ён стварае праблему? Ёсць некаторыя, якія ездзяць небяспечна і пужаюць”.

“Добра, калі правілаў прытрымліваюцца”.

“Як вы ставіцеся да кіроўцаў?” – “Станоўча”. – “Чаму?” – “Бо сам быў матацыклістам калісьці”.

“Я сама акуратны кіроўца і саступаю звычайна дарогу. А ўвогуле – прыгожа!”.

Галоўнае ж – каб гэта было не толькі прыгожа, а яшчэ і бяспечна.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў