Што найчасцей шукаюць расейцы пра Беларусь у інтэрнэце?


Кампанія «Яндэкс» склала рэйтынг самым папулярных запытаў расейцаў пра Беларусь.

Санаторый Расейцаў у беларусі цікавіць адпачынак. Фота kurort-infotour.ruРасейскіх інтэрнэт-карыстальнікаў больш за ўсё цікавяць у Беларусі санаторыі ды гатэлі, сцвярджае «Яндэкс», прааналізаваўшы запыты жыхароў Расеі пра Беларусь і яе гарады.

На другім месцы паводле папулярнасці – беларускія тавары. Замыкаюць першую тройку запыты, звязаныя з курсам абмену валют. Апрача таго, у рунэце часта шукаюць навіны пра Беларусь. Шмат хто з карыстальнікаў пытае пра славутыя мясціны краіны.

У 2013 годзе карыстальнікі задалі «Яндэксу» прыблізна 180 млн запытаў пра Беларусь. Большасць – жыхары рэспублікі, 13 % выпадкаў прыпалі на расейцаў. Часцей за ўсё пра Беларусь пыталі карыстальнікі з суседніх рэгіёнаў: Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай вобласцяў. Жыхары Смаленшчыны, напрыклад, цікавіліся Беларуссю амаль у сем разоў часцей, чымся ў сярэднім па Расеі. Апрача таго, павышаную цікавасць да краіны праяўлялі жыхары Мурманскай і Калінінградскай вобласцяў.

Паводле звестак «Яндэксу», у сярэднім на кожны мільён запытаў расейцаў прыпадаюць 40 запытаў пра Беларусь, што складае 0,04 % усіх запытаў карыстальнікаў з суседняй краіны. Беларусы пра Расею пыталі ў 45 разоў часцей. Гэтак, на кожны мільён запытаў з Беларусі прыпадае 1 800 запытаў пра Расею. Вялікую цікавасць да суседняе дзяржавы таксама выказвалі прымежныя рэгіёны – Віцебская, Магілёўская і Гомельская вобласці.



«Яндэкс» – расейская ІТ-кампанія, якая валодае аднайменнаю сістэмаю пошуку ў сетцы і інтэрнэт-парталам. Пошукавую сістэму Yandex.ru афіцыйна анансавалі 23 верасня 1997 года. Як асобную кампанію «Яндэкс» стварылі ў 2000 годзе.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў