Джордж Буш-малодшы намаляваў Пуціна (фота)


У Тэхасе адкрылася выстава карцін былога прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага, на якіх ён паказаў шмат якіх сусветных лідараў, у тым ліку і Пуціна.

«Уладзімір – гэта чалавек, які ў шматлікіх адносінах разглядаў Амерыку як ворага», – распавёў Буш у інтэрв’ю NBC. Паводле амерыканскага палітыка, ён спрабаваў развеяць такое ўяўленне прэзідэнта Расеі.

У экспазіцыю ўваходзяць 24 партрэты вядомых сусветных палітыкаў, з якімі праз абавязак службы былы кіраўнік Амерыкі сустракаўся ў гады свайго прэзідэнцтва. Пэндзлю экс-кіраўніка Белага дому таксама належаць партрэты Тоні Блэра і Далай–ламы. Сярод экспанатаў ёсць і аўтапартрэт самога Буша-малодшага.

Карціны, якія трапілі на выставу, раней ніколі не дэманстраваліся публічна. Буш кажа, што не вельмі хацеў выстаўляць свае працы, бо не лічыць сябе вялікім мастаком, але пасля сыходу палітыка з Белага дому жывапіс адкрыў для яго новы свет.

Пра захапленне экс-кіраўніка ЗША жывапісам вядома даўно. На ягоных карцінах паказаны пераважна жывёліны, нацюрморты і аўтапартрэты. Летась у лютым хакер узламаў электронную пошту Буша-малодшага, пасля чаго ў сетку трапіла некалькі фотаздымкаў ягоных карцін: тэхаскія пейзажы, партрэт сабакі Барні ды аўтапартрэт самога Буша ў ваннай.

ДР, belsat.eu паводле nbc.com

Стужка навінаў