«Калі мы працягваем Расеі руку, яны накіроўваюць на нас рулю пісталета»


З панядзелка грамадзяне Расеі змогуць часова заставацца ва Украіне не больш за 90 дзён на працягу 180 дзён са дня першага ўезду. Украіна адгароджваецца не толькі ад анексаванага Крыму, але і ад усёй Расеі. Тое самае робяць краіны Захаду.

{movie}«Калі мы працягваем Расеі руку, яны накіроўваюць на нас рулю пісталета» |right|15713{/movie}

Тут цяпер іншы сцяг, тут цяпер Расея. 200 кадэтаў Чарнаморскай вышэйшай вайскова-марской вучэльні імя Нахімава развіталіся з Севастопалем, бо, як і шмат якія ўкраінскія вайскоўцы, адмовіліся прысягнуць Расеі.

АЛЯКСАНДР ГАРЛЮК, УКРАІНСКІ КАДЭТ:
“Мы з’язджаем у горад Адэсу. Мы далей будзем працягваць вучыцца на ваенных маракоў”.

Як і іншых украінскіх вайскоўцаў, нахімаўцаў проста так не адпусцілі, а пратрымалі на выездзе з Крыму некалькі гадзінаў, шчыльна абшукаўшы. Хоць у Крамлі заяўляюць, што дзякуючы добрай волі расейцаў здзейсненае галоўнае.

СЯРГЕЙ ШАЙГУ, МІНІСТР АБАРОНЫ РАСЕІ:
“Вайскоўцы, якія вырашылі працягнуць службу ва ўзброеных сілах Украіны, бесперашкодна пакінулі тэрыторыю Крыму”.

Сяргей Шайгу таксама сказаў, што пад расейскі сцяг перайшло каля 8000 украінскіх вайскоўцаў. Паводле міністра, ні выкраданняў, ні нападаў, ні здзекаў з захопленых не было, усё – добраахвотна, як і далучэнне Крыму агулам. Аднак Украіна, як і большасць дзяржаваў свету, анексію законнай не прызнае. І ў незаконна расейскі Крым цяпер не толькі не лятаюць еўрапейскія самалёты, але і не ідуць лісты і пасылкі, адпраўленыя праз дзяржаўную ўкраінскую пошту. Звязвацца з Крымам не хочуць і вялікія міжнародныя кампаніі. Гэтак, часова закрыліся крымскія рэстараны “МакДоналдс”, што спужала не ўсіх.

ЖЫХАР СЕВАСТОПАЛЮ:
“Думаю, гэтаму цешацца ўсе адэкватныя людзі, усе, хто думае пра сваё здароўе”.

З Крыму цяпер нельга заехаць ва Украіну замежнікам, бо ўкраінскіх памежных пастоў там няма. А хто паедзе ў Крым не праз Украіну, будзе парушальнікам мяжы. А ўжо з панядзелка і новыя і старыя грамадзяне Расейскай Федэрацыі змогуць часова заставацца ва Украіне не фактычна бясконца, што практыкавалася дагэтуль, а не больш за 90 дзён. Адна з прычынаў такога рашэння – натоўпы правакатараў з Расеі, якія актыўна ўдзельнічаюць у мітынгах сепаратыстаў.

Тым часам расейцам распавялі сёння падрабязнасці пра дзясяткі арыштаваных тэрарыстаў з Украіны, што на замову СБУ і “Правага сектару” рыхтавалі тэракты ў шэрагу расейскіх рэгіёнаў. Праўда, двух украінскіх тэрарыстаў расейскія ўлады проста дэпартавалі на радзіму, што дае падставы сумнявацца не толькі ў іхных грозных намерах, але ва ўсёй гэтай гісторыі ад НТВ.

У Латвіі ды Літве вырашылі спыніць плынь крамлёўскай прапаганды і заклікаў да вайны – і адключылі рэтрансляцыю некалькіх расейскіх каналаў. Але брудныя метады павярнуліся супраць саміх расейцаў. У сеціва трапіў аўдыёзапіс тэлефоннай размовы расейскіх амбасадараў у Зімбабвэ і Эрытрэі.

ІГАР ЧУБАРАЎ, АМБАСАДАР РАСЕІ Ў ЭРЫТРЭІ:
“З амбасадарамі Еўразвязу размаўляю толькі ў адным рэчышчы: мужыкі, Крым мы забралі, але, бляха-муха, гэта яшчэ не вечар. Наперадзе мы забіраем нахер вашую гэтую Каталонію, Венецыю, а таксама Скатландыю з Аляскай. На гэтым мы тады і супакоімся”.

Гэта, можа і проста сяброўскія жарты дыпламатаў, але Расея і афіцыйнымі заявамі і дзеяннямі пацвярджае агрэсіўныя намеры. Расейская авіяцыя часцей стала рабіць правакацыі ў небе ля краінаў Балтыі. Працягваюцца маштабныя вучэнні ля ўкраінскай мяжы.

КЭТРЫН ЭШТАН, КІРАЎНІЦА ЕЎРАПЕЙСКАЙ ДЫПЛАМАТЫІ:
“Тое, што войскі адышлі назад, не пацвердзіла НАТО. Гэта вельмі, вельмі важна, каб Расея паказала сваё памкненне да дээскалацыі адводам войскаў”.

Сітуацыя напружаная і небяспечная, лічаць у Еўразвязе – і рыхтуюць адказ.

ЎІЛЬЯМ ГЭЙГ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:
“Еўропа мусіць не разнявольвацца ў падрыхтоўцы трэцяга ўзроўню санкцыяў, і даць зразумець, што наш адказ будзе аб’яднаны і моцны”.

А Масква на кампрамісы ісці не хоча, кажуць у Кіеве.

АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:
“Калі мы працягваем Расеі руку, яны накіроўваюць на нас рулю пісталета”.

Даставаць зброю першым Захад не будзе. Але дапамагчы ахвяры нападу можа. Прэзідэнт ЗША падпісаў прыняты парламентам закон аб дапамозе Украіне – 1 мільярд долараў. І гэта толькі грашыма.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў