Студыя «Адліга» плануе ствараць не толькі рэчы, але і трэнды


Сваё даследаванне рынку беларускай мовы і асаблівасцяў беларускага дызайну на гэты раз мы спыняем у самым цэнтры сталіцы. Не проста апрануцца, а апрануць на сябе ідэю прапаноўвае студыя «Адліга», офіс якой месціцца ў культурным аазісе Менску – побач з кнігарняю «ЛогвінаЎ» і галерэяй «Ў».

{movie}Студыя «Адліга» плануе ствараць не толькі рэчы, але і трэнды|right|15704{/movie}

«Адліга» не стварае таго, у што апранацца, «Адліга» выдумляе ўпрыгожанні і дробязі – аксесуары, прынты на цішоткі, кепкі. Усё тое, што параю штрыхоў зменіць вас да непазнавальнасці.

«Папулярныя гаманцы, нататнікі, цяпер мы эксперыментуем з торбачкамі, спрабуем іх вырабляць. Заўтра-пазаўтра, магчыма, мы прыдумаем ды наладзім выпуск новых тавараў, і яны стануць папулярнымі», – разважае кіраўнік студыі «Адліга» Вецер Механічны.

Аднак гэтак было не заўсёды. На пачатку, яшчэ ў 1998-ым, «Адлігу» стварылі як рэкламнае агенцтва. Гады 4 таму пастанавілі перапазіцыянаваць кампанію ў студыю з творчым ухілам… у беларускую мову. Па сутнасці, «Адліга» ў сваёй галіне стала беларускамоўным піянерам.

«Беларускасць у пазіцыянаванні студыі ў гэтай галіне адметная. І, трэба прызнацца, што адметная таксама з камерцыйнага гледзішча. Гэта магчымасць адрозніць кампанію ды яе прадукцыю на фоне астатніх у большасці сваёй небеларускамоўных праектаў», – кажа Вецер Механічны.

«Адліга» шчыльна супрацоўнічае з кнігавыдавецтвам і музыкамі. Тутэйшыя дызайнеры афармлялі зборныя кружэлкі «Тузіну Гітоў», альбомы «Гуды» і «Ляпіса Трубяцкога».

Іншыя тэмы: У гарадзенскай галерэі «Крыга» праходзіць персанальная выстава поп-арт-мастачкі Жанны Капуснікавай. У Музеі Заіра Азгура выставілі працы маладога мастака Віталя Мельнікава – выхаванца школы для дзетак з парушэннем слыху. Гурт «Красные звёзды» зладзіў у пабе «Графіці» канцэрт па заяўках.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Стужка навінаў