Паралакс: Правая справа


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

3 верасня 1967 года Стакгольм выглядаў, як Каір або Дэлі. Шведскі ўрад зламаў ганарлівасць сваіх грамадзянаў і ўвёў правабаковы дарожны рух.

Адзінымі, хто, апроч брытанцаў, ездзіў ў Еўропе па левым баку, былі на той момант шведы з ісландцамі. Ва ўзорнай у эканамічным і палітычным планах Швецыі было добра ўсім, апроч кіроўцаў, для якіх абгон быў літаральна смяротным нумарам. Замежным вытворцам было лянота дапасоўваць стырно аўтамабіля для невялікага шведскага рынку, але дзіўным чынам паводзіла сябе і айчыннае «Вольва»: у краіне прадаваліся машыны з рулём на левым баку.

Відаць, шведам былі даспадобы лабавыя сутыкненні, бо з 1927 года – калі зрабілі першую спробу перайсці, а дакладней пераехаць направа, – яны зацята баранілі сваю адметнасць. Чарговы рэферэндум у пытанні такога пераходу прайшоў у 1955 годзе: тады абсалютная большасць выказалася супраць. Але парламент не апусціў рук, а склікаў групу псіхолагаў, якія цягам 4-ох гадоў пераконвалі жыхароў Швецыі ў плюсах рэформы, і дамогся свайго.

Нешматлікія кіроўцы, што раптам вырашылі пакатацца ўначы з суботы на нядзелю, а 4:50 мусілі затрымацца, і змяніць паласу руху, каб а 5:00 працягнуць свой шлях паводле новай сістэмы. Краіна пайшла спаць з левай нагі, а прачнулся з правай. За некалькі тыдняў да Дня «Н» (гэтак ад слова «Högertrafik» – «правастаронні рух» – стала называцца тая падзея) па ўсёй краіне ставіліся новыя знакі ды светлафоры, мяняліся прыпынкі грамадскага транспарту, а ў аўтобусах выразаліся новыя дзверы. Апроч закранутага гонару, ні адзін швед не пацярпеў ад рэформы: наадварот, у першыя тыдні дзеяння новых правілаў людзі ездзілі настолькі павольна, што ўзровень аварыйнасці знізіўся амаль да нуля. Напэўна, на дарогах не было б ахвяраў, калі рэгулярна праводзіць гэткае мерапрыемства.

Фатограф Лейф Энгбэрг (Leif Engberg) спецыялізаваўся на ўзброеных канфліктах Блізкага Усходу, здымаў вайну ў В’етнаме і на Балканах, але бадай свой самы вядомы здымак зрабіў нядзельным ранкам у млявым Стакгольме.

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў