У Горадню прыйшла пасылка з Нямеччыны: 4,5-тонны арган (Фота)


Арган у мясцовым лютэранскім храме загучыць упершыню з 1939 года.

Арган усталююць у мясцовай кірсе – адзіным дзейным лютэранскім храме. Збіраць яго будуць месяц, а ўрачыстае адкрыццё запланавалі на 7 чэрвеня – у межах Фестывалю нацыянальных культураў.

Паводле пастара лютэранскай суполкі Уладзіміра Татарнікава, кірха чакала абяцаны арган 2 гады. Ён зроблены ў 1960 годзе і каштаваў € 300 тыс. На пытанне, чаму менавіта такі арган выбралі, а не навейшы ці старэйшы, пастар адказаў, што не кожны арган пасуе канкрэтнаму храму – паводле габарытаў і гучанню.

Цяпер у Горадні будзе месца для канцэртаў арганнай музыкі. Інструмент, усталяваны ў гарадзенскім Фарным касцёле, дзе раней праходзілі канцэрты, пацярпеў падчас пажару ў 2007 годзе.

У кірсе ж апошні раз гучаў арган у 1939 годзе. У 1944-м яго забралі, каб перадаць філармоніі, але туды ён так і не трапіў. «Ужо атрымліваем паведамленні ад арганістаў Нямеччыны, Польшчы ці Расеі», – зазначае Уладзімір Татарнікаў. У суполцы ёсць і свой арганіст – не прафесіянал, але для абслугоўвання набажэнства ягоных ведаў і ўмення дастаткова.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў