У Менску зачыняюць прыватны заапарк


Часта назіраецца, што ініцыятывы грамадзянаў чыноўнікамі не шануюцца. У адным з жылых мікрараёнаў у Фрунзенскім раёне Менску зачыняюць прыватны заапарк. Афіцыйная прычына – скаргі мясцовых жыхароў на спевы птушак і антысанітарыю. Чаму ж звярынец, які быў тут ажно 14 гадоў, пачаў перашкаджаць менавіта цяпер?

{movie}Знішчэнне зялёнага астраўку |right|15687{/movie}

Міні-заапарк “Карлуша” на вуліцы Якубоўскага ў Менску – месца незвычайнае. Сярод шматпавярховікаў – некалькі вальераў, а ў іх – дзясяткі відаў птушак і жывёлы. Што праўда, жыць ім тут засталося нядоўга: міні-заапарк мае спыніць існаванне. І гэта засмучае мясцовых жыхароў.

ЖЫХАРЫ МІКРАРАЁНУ:
“Тут і дзецям падабаецца. Прыходзяць, глядзяць, нехта пакорміць. Цікава. А калі зачыняць, то дзеткам і хадзіць не будзе куды”.
“Сюды я хаджу з самага дзяцінства, я тут вырас з першых гадоў, дапамагаў улетку пару разоў дзядзьку Лёню”.

Гэтак дзеці называюць арнітолага Леаніда Гермацкага. Менавіта ён тут гаспадарыў усе 14 гадоў. Раней з грашыма на корм для гадаванцаў дапамагалі ўлады, але апошнія 3 гады пенсіянер частку кармоў купляў за ўласныя грошы, астатняе прыносілі неабыякавыя менчукі.

Паводле спадара Леаніда, будоўлю заапарку ўзгаднялі з гарвыканкамам, сюды перыядычна прыязджалі з санітарнымі правяраннямі, сур’ёзных заўвагаў не было. Тым больш, ніколі не паўставала пытанне закрыцця. Аднак цяпер заапарк зачыняюць праз нібыта скаргі мясцовых жыхароў.

ЛЕАНІД ГЕРМАЦКІ, ГАСПАДАР МІНІ-ЗААПАРКУ:
“Тут адна дама напісала 22 скаргі, і скаргі беспадстаўныя. Што ёй перашкаджаюць пеўнікі, хаця мы выдатна ведаем, што ў іншых краінах спевамі птушак лечаць. Што кветкі, якія тут пасаджаныя рукамі дзяцей, выклікаюць алергію”.

Чыноўнікі, паводле арнітолага, кажуць яму адкрыта: “нам лягчэй вас закрыць, чымся разбірацца са скаргамі”. У адміністрацыі ж Фрунзенскага раёну, куды, сярод іншага, паступалі скаргі, дзіўным чынам не ведаюць не толькі аб праблемах заапарку, але… і пра яго існаванне.

СЯРГЕЙ ЖАЛЯЗНЯК, НАМЕСНІК КІРАЎНІКА АДМІНІСТРАЦЫІ:
“Ну, там жа ў інтэрнэце напісана, што Цэнтр гігіены зачыняе. Шчыра кажучы, я нават не ведаў, што ён у нас ёсць, хаця жыву недалёка ад Якубоўскага. А ён хіба мае статус міні-заапарку? Ён жа ж хіба і статусу такога не мае”.

Нараканні ж санітарных службаў звязаныя не толькі са скаргамі, але і з нібыта самавольна пабудаванымі вальерамі, якія раней чамусьці нікому не заміналі. Цяпер жа, паводле мясцовых жыхароў, замінаюць будоўлі паркінгу, які тут праектуюць.

АЛЕНА ІВАНАЎНА, НАСТАЎНІЦА:
“У нас тое, што больш выгадна, тое і рабіцца. Выгадна стаянку, будзе стаянка, выгадна дом, значыцца будуць будаваць дом. А тое, што сапраўды ідзе развіццё дзяцей экалагічнае, каб яны вучыліся любіць і берагчы прыроду, гэта адыходзіць на другі план”.

Апусцець вальеры маюць да 14-га красавіка. Калі гэтага прадпісання не выканаюць, у Цэнтры гігіены пагражаюць усыпіць гадаванцаў. Але гаспадар “Карлушы” гатовы змагацца за кожнае жыццё.

ЛЕАНІД ГЕРМАЦКІ, ГАСПАДАР МІНІ-ЗААПАРКУ:
“Такую вялікую колькасць птушак трэба ж кудысьці ўладкаваць. Ёсць хворыя птушкі, ёсць параненыя, якіх заапаркі не бяруць. І таму вы самыя прысутнічалі і бачылі, што я раздаю птушак”.

Некаторых гадаванцаў забяруць дзеці. За гады існавання міні-заапарку яны добра навучыліся ў дзядзькі Леаніда, што ўсё жывое трэба шанаваць.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў